У Полацку пройдзе І адкрыты абласны дзіцячы конкурс фартэпіяннай музыкі «Бах і XXI стагоддзе»

В Полоцке пройдет I открытый областной детский фортепианный конкурс «Бах и XXI век»

- На Віцебшчыне ёсць добрыя фартэпіянныя школы. Да таго ж 21 сакавіка спаўняецца 330 гадоў з дня нараджэння Іагана Себасцьяна Баха. Мы хацелі б прыцягнуць увагу да гэтай даты, падтрымаць таленавітых дзяцей, - так патлумачыла ідэю праекта яго ініцыятар, салістка канцэртнай залы Сафійскага сабора Ксенія Пагарэлая.

Дзіцячы конкурс пашырыць і дапоўніць праграму XXVIII Міжнароднага фестывалю старадаўняй і сучаснай камернай музыкі, які пачнецца 26 сакавіка. Адзін з яго канцэртаў дасць вядомая піяністка з Веймара Герліндэ Ота, якая пагадзілася ўзначаліць аўтарытэтнае журы.

Пераможцы конкурсу вызначацца ў трох узроставых катэгорыях. Узнагароджанне лаўрэатаў адбудзецца на заключным канцэрце ў Сафійскім саборы, дзе выступіць таксама заслужаны артыст Беларусі Ігар Алоўнікаў.

Заяўкі для ўдзелу ў конкурсе можна дасылаць на электронны адрас Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка sophia.polotsk(@)museum.by, кантактны тэлефон: (8-0214) 42-51-34.

Ларыса Малашэня, "Віцебскія весці"