У Полацку пройдзе Міжнародны фестываль арганнай музыкі «Званы Сафіі»

В Полоцке пройдет Международный фестиваль органной музыки «Званы Сафіі»
Артисты з шасці краін прадставяць сваё мастацтва на XXIV Міжнародным фестывалі арганной музыкі «Званы Сафіі», які пачынаецца ў Полацку 20 кастрычніка.

«Музыка, падобна дажджу, кропля за кропляй прасочваецца ў сэрца і ажыўляе яго» – такі эпіграф выбралі для фестывалю арганізатары. Канцэртная зала Сафійскага сабора, як адзначыла яго загадчыца Алена Мартынава, лічыцца адной з лепшых у Еўропе. Непаўторная акустыка і атмасфера ўнікальнага помніка архітэктуры прыцягваюць сюды выканаўцаў з розных краін свету і шматлікіх гасцей. Сёлета свята высокага мастацтва зноў падорыць слухачам незабыўныя сустрэчы. У праграме – сем яркіх разнастайных канцэртаў, дзе арган будзе гучаць у ансамблі з барочнай трубой і саксафонам, кларнетам і блокфлейтай, аркестрам і хорам.

20 кастрычніка аматарам эпохі барока па вартасці ацэняць выступленне лепшых класічных музыкантаў Беларусі Таццяны Гаўрылавай (сапрана), Аляксандра Ахрэмкі (барочная труба), Калінікі Мядзведзевай (арган). 24 кастрычніка ў выкананні камернага хору Гомельскай абласной філармоніі, камернага аркестра «Еўропа-Цэнтр» і заслужанай артысткі Рэспублікі Беларусь, салісткі канцэртнай залы Сафійскага сабора Ксеніі Пагарэлай прагучаць шэдэўры сусветнай класікі.

Наступныя канцэрты будуць праходзіць у зручны час па нядзелях у 15 гадзін. У Полацк прыедуць тытулярны арганіст базылікі г. Дурдан П'ер Зеворт (Францыя), маладыя таленты з Расіі Дзяніс Маханькоў і Дзіна Іхіна, вядомая нямецкая выканаўца Сюзана Эрхардт (блокфлейта, кларнет). Разбурыць стэрэатыпы абяцае дуэт Хірако Іноуэ (Японія) і Веранікі Кожухаравай (Расія) – творы класічнай спадчыны будуць суседнічаць з джазавымі шэдэўрамі, старадаўняй арганнай музыкай і сачыненнямі сучасных кампазітараў. А завершыцца фестываль 24 лістапада: пры падтрымцы Польскага інстытута ў Мінску пад скляпеннямі Сафіі ўпершыню ў Беларусі выступіць лаўрэат міжнародных конкурсаў, уладальнік прэміі «Арганіст Новай Еўропы» Міхал Коцот.

"Віцебскія весці".