У Полацку пройдзе Тыдзень Фрыдрыхсхафена

З 4 па 9 верасня 2013 г. у г. Полацку пройдзе Тыдзень Фрыдрыхсхафена.

Больш за 23 гады працягваецца дружба і актыўнае супрацоўніцтва паміж г. Полацкам і г. Фрыдрыхсхафенам у галінах адукацыі, аховы здароўя, культуры, спорту, гарадскога развіцця.

У 2009 г. у рамках Дня горада ў г. Полацку ўпершыню прайшоў Тыдзень Фрыдрыхсхафена, у 2012 г. у г. Фрыдрыхсхафене – Тыдзень Полацка. І вось ужо другі раз па ўзгадненні двух бакоў арганізаваны мерапрыемствы, прысвечаныя развіццю і ўмацаванню пабрацімскіх адносін.

53 прадстаўнікі нямецкай дэлегацыі прыбудуць у старажытны г. Полацк на чале з бургамістрам адміністрацыі г. Фрыдрыхсхафена Петэрам Хаусвальдам.

Тыдзень Фрыдрыхсхафена абяцае быць насычаным і цікавым, карысным для двух гарадоў. 5 верасня ў Полацкім райвыканкаме пройдзе афіцыйны прыём старшыні райвыканкама М.М. Шаўчука нямецкай дэлегацыі і прадстаўнікоў Пасольства Федэратыўнай Рэспублікі Германія ў Рэспубліцы Беларусь. У гэты дзень будуць прэзентаваны сумесныя праекты Полацка і Фрыдрыхсхафена, падпісана праграма супрацоўніцтва на 2014-2015 гг. паміж нямецкім і беларускім гарадамі, для сродкаў масавай інфармацыі пройдзе прэс-канферэнцыя кіраўніцтва райвыканкама і кіраўнікоў нямецкай дэлегацыі.

На святочным канцэрце, прысвечаным адкрыццю Тыдня Фрыдрыхсхафена ў Полацку, за вялікі ўклад у развіццё і ўмацаванне пабрацімскіх адносін граматамі і падзякамі раёна будуць узнагароджаны лепшыя прадстаўнікі партнёрскай супольнасці.

З мэтай прыцягнення замежных інвестараў і ўмацавання эканамічных адносін Полацка і Фрыдрыхсхафена пройдзе пашыраная канферэнцыя аб развіцці супрацоўніцтва паміж прадпрыемствамі і бізнесам г. Полацка, Полацкага раёна і г. Фрыдрыхсхафена. Для ўдзелу ў эканамічным дні запрошаны прадстаўнікі Пасольства Федэратыўнай Рэспублікі Германія ў Рэспубліцы Беларусь, кіраўнікі СТАА «Цеппелін Вайсрусланд» і праўлення Нямецка-беларускага эканамічнага клуба.

Нямецкая дэлегацыя наведае прамысловыя прадпрыемствы г.Полацка: ААТ «Полацкі малочны камбінат», РУВП «Віцебскхлебпрам» Полацкі хлебазавод, ПУ «Полацкгаз» і ТАА «Балхім-гарант».

Чацвёрты дзень Тыдня Фрыдрыхсхафена для паўсотні нямецкіх гасцей запомніцца візітам у Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт, дзе ўсеагульнай увазе будуць прэзентаваны работы ў рамках журналісцкага праекта «Полацк піша для Фрыдрыхсхафена» ў рамках пагаднення аб маладзёжным абмене і дагавора з штодзённай газетай «Зюдкурьер» г.Фрыдрыхсхафена аб публікацыях артыкулаў і фотаздымкаў аб жыцці ў Беларусі і Германіі, падпісанага ў кастрычніку 2012 года. На працягу 2013 года навучэнская моладзь Полацкага рэгіёна прымала ўдзел у дадзеным журналісцкім праекце. У снежні гэтага года запланавана падвядзенне вынікаў і ўзнагароджанне лепшых удзельнікаў праекта.

У дакрананні да Полацкага абярэга Цэнтр рамёстваў і нацыянальных культур г.Полацка далучыць кожнага члена дэлегацыі з Фрыдрыхсхафена да багатай нацыянальнай культуры і самабытнасці беларускага народа.

8 верасня нямецкія сябры наведаюць парафію Святога Андрэя Баболі ў г.Полацку Віцебскай Епархіі рымска-каталіцкай царквы, а таксама з экскурсійным турам адправяцца ў г.Віцебск, дзе пазнаёмяцца з асноўнымі славутасцямі абласнога цэнтра, наведаюць музей-сядзібу І.Я.Рэпіна «Здраўнёва», дом-музей Марка Шагала.

Гасцінная полацкая зямля, несумненна, пакіне ў сэрцах нямецкіх гасцей радасць і цяпло, а Тыдзень Фрыдрыхсхафена будзе садзейнічаць захаванню і працягу ўсталяваных традыцый, развіццю партнёрскіх адносін у розных сферах дзейнасці.

?