У Полацку прайшоў абласны форум маладых спецыялістаў «Маладзёжь. Ініцыятыва. Развіццё»
Раней у раёне праводзіліся конкурс «Уладар сяла» і форум працоўнай сельскай моладзі, цяпер увагу прыцягнула маладзёжная палітыка горадаўтваральнага ААТ «Полацк-Шкловалакно», дзе працуюць 3900 чалавек, у тым ліку больш за 30% – да 31 года.
– Страціш моладзь – страціш будучыню. Таму мы стараемся не эканоміць на нашай будучыні, а пастаянна інвеставаць у яе, ствараць умовы для развіцця патэнцыялу маладых спецыялістаў, – агучыў пазіцыю кіраўніцтва намеснік генеральнага дырэктара прадпрыемства Андрэй Кузьмін.
І растлумачыў, што сістэма падтрымкі, адаптацыі і настаўніцтва дае вынік: не менш за 82% кадраў замацоўваюцца на вытворчасці, моладзь актыўна праяўляе сябе і ў прафесійнай, і ў грамадскай дзейнасці. Адным з брэндавых праектаў стаў уласны завадскі форум «Моладзь. Ініцыятыва. Развіццё», які праводзіцца на працягу чатырох гадоў.
Каб паказаць, як ён праходзіць, гаспадары прапанавалі гасцям акунуцца ў атмасферу жыцця калектыву. Адчуць вытворчую моц найбуйнейшага прадпрыемства хімічнага комплексу Беларусі ўдзельнікі мерапрыемства змаглі падчас экскурсіі па заводскіх цэхах. А затым усіх сабраў адкрыты дыялог «Моладзь Віцебшчыны. Традыцыі і будучыня», які прайшоў у нестандартнай форме.
Замест прасторнае прамовы тут гучалі кароткія нефармальныя прывітанні, справаздачы замяняліся эфектнымі прэзентацыямі, заахвочваліся гумар, кемлівасць, інтэрактыў. Да прыкладу, незабыўныя эмоцыі падарыла супольнае выкананне заводской візіткі: пасля таго, як маладзёвыя лідары Вольга Герашчанка і Аляксей Шуранаў прадэманстравалі каронны нумар у стылі рэп, услед за імі паўтараць запальныя танцавальныя рухі з энтузіязмам узяліся і зала, і прэзідыум.
Працягнулі праграму трэнінгі па зняцці напружання, зарадцы энергіяй і пабудове каманды. Крэатыўная вядучая Юлія Кулькіна-Трызно ўмела трымала аўдыторыю ў тонусе, накіроўваючы да пастаўленай мэты. І сапраўды, да канца дня групы, на якія разбілі незнаёмых адзін з адным маладых людзей, аб'ядналіся, згуртаваліся, навучыліся дзейнічаць разам. А ў выніку супольнай творчасці стварылі выдатныя «Платна дружбы», дзе змясцілі сімвалы яднання, шчасця, любові, дабра, росту і развіцця. На прэзентацыі карцін хлопцы прызнаваліся, што знайшлі ў Полацку новых сяброў, атрымалі зарад бадзёрасці, запазычылі шмат ідэй для далейшай працы.
Падводзячы вынікі форуму, намеснік начальніка аддзела галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай працы і па справах моладзі аблвыканкама Ірына Сафейчанка падзякавала палачанам за цёплы прыём і выдатную арганізацыю мерапрыемства, пажадала маладым людзям і надалей праяўляць актыўную жыццёвую пазіцыю, уносячы свой уклад у паспяховае сацыяльна-эканамічнае развіццё малой радзімы і ўсёй краіны.