У Полацку стартаваў рэспубліканскі аўтапрабег "Сімвал адзінства"
Традыцыйная акцыя, якая сёлета ініцыявана Рэспубліканскім грамадскім аб'яднаннем "Патрыёты Беларусі" і Федэрацыяй прафсаюзаў Беларусі, узяла свой пачатак у старажытным Полацку невыпадкова. Беларуская дзяржава зараджалася на гэтых землях, і для аўтапрабегу горад стаў сімвалічнай адпраўной кропкай.
На плошчы Свабоды сабраліся прадстаўнікі раённай улады, грамадскіх аб'яднанняў і прафсаюзаў, шматлікія жыхары горада. Перад пачаткам аўтапрабегу полацкі заслужаны аматарскі тэатр "Пілігрым" паказаў спектакль "Курган Бессмяротнасці", прысвечаны аднаму з галоўных мясцовых гістарычных аб'ектаў, тут традыцыйна праводзяцца асноўныя гарадскія акцыі і мерапрыемствы. Гэты помнік, дзе сабрана зямля з усіх брацкіх магіл Беларусі, быў узведзены ў 1966 годзе.
Падчас тэатралізаванага прадстаўлення ўдзельнікам акцыі расказалі, якія цяжкія баі ішлі на полацкай зямлі. Горад быў вызвалены савецкімі войскамі 4 ліпеня 1944 года. Больш за 20 гадоў сышло на аднаўленне старажытнага Полацка. Даніну павагі пасляваеннаму пакаленню аддаюць жыхары райцэнтра, якія ганарацца дзядамі і прадзедамі, што заваявалі Вялікую Перамогу.
Полацк стаў першым у чарадзе беларускіх райцэнтраў, у кожным з якіх удзельнікі аўтапрабегу возьмуць па сімвалічнай дэталі. З гэтых дэталей затым збяруць адзіны механізм - гадзіннік.
На ўсім шляху следавання ў 7 тыс. км будуць усталёўваць банэры і алічбоўваць воінскія пахаванні таблічкамі з QR-кодамі, дзе пакажуць не толькі агульную інфармацыю аб памятным месцы, але і пакінуць успаміны ўдзельнікаў вайны. "Нам хацелася б, каб да гэтай місіі далучыліся ўсе жыхары Беларусі. У нас у краіне больш за 40 тыс. памятных месцаў, і алічбаваць іх усе сваімі сіламі мы не зможам, тут нам патрэбна ваша дапамога", - адзначыла намеснік старшыні РГА "Патрыёты Беларусі" Ганна Харута. Яна таксама расказала, што прадстаўнікам іх рэспубліканскага грамадскага аб'яднання хочацца пагутарыць у раёнах з мясцовымі жыхарамі, даведацца аб іх праблемах, ідэях і ініцыятывах. Ганна Харута падкрэсліла, што падобныя мерапрыемствы даюць магчымасць пераканацца, што сапраўдных патрыётаў краіны вельмі шмат, яны любяць сваю Радзіму і хочуць дапамагчы ёй стаць яшчэ лепшай і святлейшай.
Наперадзе ўдзельнікаў аўтапоезда райцэнтры Віцебскай вобласці, а затым да акцыі адзінства і гістарычнай памяці далучацца жыхары Гродзенскай, Брэсцкай, Гомельскай, Магілёўскай і Мінскай абласцей.-0-