У Полацку зацвілі масты
11 жніўня, Полацк /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. У Полацку зацвілі масты. Больш за сотню кветачніц з кветкамі ўпрыгожылі парэнчы пяці мастоў старажытнага горада, распавяла карэспандэнту БЕЛТА дырэктар участку зялёнай гаспадаркі Полацкага ЖКГ Валянціна Спірыдонава.
Каму належыць ідэя азелянення мастоў, цяпер ужо цяжка ўспомніць, але тое, што яе ўвасабленне выклікала захапленне гараджан і турыстаў, несумненна. Бо амаль 3 тысячы аднагадовых раслін – петуній, сальвій, тагецісаў – зрабілі маляўнічымі і яркімі і гістарычны Чырвоны мост, і просты пешаходны праз чыгуначныя шляхі.
Старажытны Полацк у разгар лета квітнее ў прамым сэнсе слова. На яго вуліцах радуюць вока 180 тысяч кветак – столькі высадзілі азеляніцелі мінулай вясной. Агульная плошча кветнікаў у 80-тысячным горадзе складае 6,5 тысячы кв.м.