У Полацкім дзяржаўным універсітэце аднавілі старадаўні рэцэпт прыгатавання гарачага шакаладу
У Полацкім дзяржаўным універсітэце аднавілі старадаўні рэцэпт прыгатавання гарачага шакаладу вучонага часоў езуіцкага калегіума Габрыэля Грубера. Як паведамілі ў ВНУ, дэгустацыі араматнага ласунку ўключаны ў экскурсійныя праграмы комплексу былога езуіцкага калегіума і ў гэтыя восеньскія дні карыстаюцца ўсё большай папулярнасцю.
У траўні бягучага года з нагоды Дня ўніверсітэта ў Полацкім калегіуме адбылося адкрыццё рэканструкцыі "Механічнай галавы" - знакамітага стварэння Габрыэля Грубера, які працаваў у гэтых гістарычных сценах у канцы XVIII стагоддзя і зрабіў велізарны ўнёсак у развіццё навукі, адукацыі і культуры (у свой час у сценах Полацкага езуіцкага калегіума стараннямі вучонага была створана найбагацейшая карцінная галерэя, пабудаваны трохпавярховы корпус музейнага будынка з шматлікімі кабінетамі, лабараторыямі, экспазіцыямі). "Механічная галава" размяшчалася ў музеі Полацкага калегіума і пазней акадэміі, уяўляла сабой галаву старца з рухомымі вачыма і доўгімі сівымі валасамі, які мог адказаць на пытанні на розных мовах.
Рэканструяваны праект стаў яшчэ адной славутасцю Полацкага дзяржуніверсітэта і ўключаны ў экскурсійныя маршруты. Цяперашні "стары" мае свой асаблівы характар, схільны пафіласофстваваць, пытанні бытавога характару пакідаюць яго абыякавым. Для наведвальнікаў комплексу былога езуіцкага калегіума прапанавана некалькі варыянтаў экскурсій, у тым ліку экскурсія-анімацыя "Размова з механічнай галавой", экскурсія-фотасесія "Вясельная", экскурсія-цэрэмонія "Клятву вернасці" (жаніх з нявестай адказваюць на пытанні "старца", потым за ім вымаўляюць словы клятвы).
Ва ўніверсітэце падкрэслілі, што Габрыэль Грубер плюс да ўсяго быў умелым кандытарам - захаваўся яго рэцэпт прыгатавання гарачага шакаладу. "Знаёмячыся з спадчынай знакамітага вучонага, нашы экскурсанты маюць магчымасць прадэгуставаць араматны ласунак, і з надыходам халадоў жадаючых паспрабаваць шакалад па старадаўнім рэцэпце становіцца ўсё больш", - канстатавалі ў ВНУ.
Ва ўніверсітэце адзначылі, што ў дні школьных канікул колькасць экскурсійных груп павялічылася ў разы. "У нас дыферэнцыраваны падыход да экскурсантаў розных узростаў. Пры рабоце са школьнікамі абавязкова ўключаем у праграму прафарыентацыйны блок, дзе распавядаем аб сваіх факультэтах і спецыяльнасцях", - дадалі ва ўніверсітэце.
Алена Ціханава, БЕЛТА.