У Полацкім раёне 21 жніўня стартуе сумесны этап Чэмпіянатаў Расіі і Беларусі па ралі-рэйдах
Пры падтрымцы органаў мясцовай улады Віцебскай вобласці, брэнда прэміяльных маторных масел G-Energy, Внешэкономбанка, ААТ «Газпрам трансгаз Беларусь» з 21 па 23 жніўня 2014 г. у Полацкім раёне пройдзе чацвёрты этап Чэмпіянату Расіі па ралі-рэйдах і другі этап Чэмпіянату Беларусі – баха «Беларусь» па маршруце: Дрэтунь – Полата – Затростенье - Круглікі – Заполле – Хонакі – Збродавічы – Домнікі – Котляны – Лысае – Падсосна – Працы – Нядружнае - Дрэтунь.
Гонкі прысвечаны 70-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў – значнай гістарычнай даце для брацкіх народаў.
Баха «Беларусь» стартуе з геаграфічнага цэнтра Еўропы, найстаражытнейшага горада Беларусі, аднаго са старэйшых гарадоў старажытнарускай дзяржавы – Полацка.
У спаборніцтве прымуць удзел вядучыя спартсмены Беларусі, Расіі, Латвіі, а таксама групы падтрымкі – у цяперашні час ужо больш за 200 чалавек.
Адкрыццё спаборніцтва адбудзецца 21 жніўня ў 18.30 на плошчы Свабоды г. Полацка. Падчас праходжання тэхнічных і адміністрацыйных праверак удзельнікамі для гледачоў ля падножжа помніку героям Айчыннай вайны 1812 года адбудзецца ўрачыстае падняцце сцягоў Расіі і Беларусі, з прывітальнай прамовай выступяць афіцыйныя асобы міжнароднага мерапрыемства, будзе арганізавана канцэртная праграма з удзелам лепшых народных творчых калектываў г. Полацка і Полацкага раёна. Пасля ўрачыстага адкрыцця спаборніцтва ўдзельнікі ўск
Другі дзень гонкі, 22 жніўня – баявы. Гоншчыкам трэба будзе прайсці пралог працягласцю 3,7 кіламетра, пасля чаго іх чакаюць два кругавыя спецучасткі працягласцю каля 110 кіламетраў. Берагавыя пясчанікі, поймы рэк, яры, лясныя непраходныя дарогі і гладкія хуткасныя ўчасткі ўзнагародзяць незабыўнымі эмоцыямі сваіх гасцей — прафесіяналаў аўтаспорту. На асобных участках адносна роўнае пакрыццё дасць магчымасць праходзіць павароты і звязкі, захоўваючы высокі тэмп.
У трэці дзень бахі «Беларусь» удзельнікаў чакае яшчэ два складаныя і цікавыя спецучасткі па 110 кіламетраў. Увечары прафесіяналы аўтаспорту і гледачы вернуцца ў Полацк, дзе ў 18.00 на плошчы Свабоды пройдзе цырымонія ўзнагароджання пераможцаў.
Удзельнікі другога этапу Чэмпіянату Беларусі – бахі «Беларусь» пераадолеюць за два спаборніцкія дні каля 500 кіламетраў!
22 і 23 жніўня 2014 г. з 09.00 да 18.00 для любога руху аўтатранспарту будуць зачынены грунтавыя, лясныя і палявыя дарогі на маршруце хуткасных участкаў.
У перыяд правядзення мерапрыемства міжнароднага ўзроўню ў будынку Полацкага райвыканкама будзе працаваць прэс-цэнтр. Для асвятлення міжнароднага спаборніцтва плануюць прыехаць больш за 20 расійскіх журналістаў, а таксама прадстаўнікі беларускіх сродкаў масавай інфармацыі.
Для прыхільнікаў ралі-рэйдаў, якія жадаюць паглядзець гонку, будуць арганізаваны дзве гледацкавыя зоны ў раёне Пура (Дрэтуньскі палігон, тэрыторыя Маласітнянскага сельсавета) і раёне в. Збродавічы (тэрыторыя Гаранскага сельсавета), да адной з якіх будзе зручна дабрацца на аўтамабілі, а да другой – будуць курсіраваць аўтобусы.
У падрыхтоўцы і правядзенні спартыўнага мерапрыемства задзейнічана больш за 20 арганізацый г. Полацка і Полацкага раёна.
Тры дні міжраённы аддзел ДАІ (па абслугоўванні г. Полацка і Полацкага раёна) УУС Віцебскага аблвыканкама будзе забяспечваць бяспеку дарожнага руху ў месцах перасячэння хуткасных участкаў ралі-рэйдаў з асфальтавымі і галоўнымі грунтавымі дарогамі, а таксама ў месцах размяшчэння аўтатранспарту ўдзельнікаў спаборніцтва.
Для аказання неабходнай экстранай медыцынскай дапамогі ў выпадку дарожна-транспартнага здарэння і іншых сітуацый сіламі супрацоўнікаў ГАУЗ «Полацкая цэнтральная гарадская бальніца» будзе арганізавана аператыўнае дзяжурства брыгад хуткай дапамогі ў месцах перасячэння спартыўнага маршруту і дарог агульнага карыстання па ўзгодненай з арганізатарамі ралі-рэйду схеме.
Полацкім гаррайаддзелам па надзвычайных сітуацыях будзе забяспечана аператыўнае дзяжурства разлікаў аварыйна-выратавальных аўтамабіляў або верталёта, прызначаных для правядзення выратавальных работ з выкарыстаннем сродкаў разблакіроўкі пры дарожна-транспартным здарэнні па маршруце спаборніцтва, дадатковая супрацьпажарная бяспека ў месцах бівакоў, аўтамабільных парковак і начлегаў удзельнікаў ралі-рэйду.
У цяперашні час прапрацоўваюцца пытанні па рабоце дадатковых маршрутаў грамадскага транспарту для дастаўкі гледачоў да месца ўрачыстага адкрыцця, старту, фінішу і гледачовых зон міжнароднага спаборніцтва Баха «Беларусь».
Кожная арганізацыя ўнясе значны ўклад у арганізацыю, падрыхтоўку і правядзенне ў Полацкім раёне другога этапу Чэмпіянату Беларусі – баха «Беларусь», што, несумненна, пакіне ў удзельнікаў і гледачоў толькі станоўчыя ўражанні, парадуе выдатным узроўнем арганізацыі і цікавым маршрутам, а таксама зойме годнае месца ў спартыўных календарах наступных гадоў.
Чакаем гасцей на гасціннай Полацкай зямлі!
Праграма мерапрыемстваў для гледачоў:
21 жніўня:
Плошча Свабоды, Полацк
18:30 — цырымонія урачыстага адкрыцця
19:30 — ускладанне кветак да помніка Вызваленцам Полацка
21:00 — праезд калоны спартыўных аўтамабіляў па Полацку
22 жніўня:
09:30 — пачатак працы гледацкай зоны 1
10:00 — старт першага экіпажа, Пралог
13:00 — старт першага экіпажа, СУ-2
13:30 — пачатак працы гледацкай зоны 2
15:15 — старт першага экіпажа, СУ-3
23 жніўня:
08:30 — пачатак працы гледацкай зоны 1
09:00 — старт першага экіпажа, СУ-4
09:30 — пачатак працы гледацкай зоны 2
11:20 — старт першага экіпажа, СУ-5
18:00 — цырымонія ўзнагароджання, Плошча Свабоды, Полацк
Дарэчы
: баха – спартыўная разнавіднасць ралі-рэйду, гэта спрынтарскі ралі-рэйд больш кампактны і блізкі да гледача. Асноўнае адрозненне бахі ад традыцыйнага марафону або ралі-рэйду – у працягласці дыстанцыі па вызначаным маршруце і перакрыцці ад старонніх рухаў.Спаборніцтва з іспанскай назвай «Баха» праводзіцца звычайна на працягу 1 – 3 дзён. Паколькі гэта самы кароткі па часе від ралі-рэйдаў, працягласць маршруту бахі складае не больш за 1200 км.).
Ралi-рэйд
– від гонак на доўгія дыстанцыі ў 400 – 900 кіламетраў па перасечанай мясцовасці, які праходзіць на працягу некалькіх дзён.