У Полацкім раёне прайшоў лазневы чэмпіянат

Аматары зімовага экстрыму сабраліся на лазневы чэмпіянат у Полацкім раёне. Выпрабаваўшы сябе парай, снегам і вадой, удзельнікі дзесяці каманд атрымалі магутны зарад бадзёрасці і добрага настрою.

«У лазні памыцца – нанова нарадзіцца. Калі парышся, то не старышся», – гаворыць народная мудрасць. Натхнёныя ёю, аматары здаровага ладу жыцця адгукнуліся на заклік Полацкага райвыканкама правесці выхадны на тэрыторыі сялянска-фермерскай гаспадаркі «Каношы-агра», размешчанай у маляўнічай мясцовасці на беразе найпрыгажэйшага возера.

– Як аграсядзіба мы працуем першы год, плануем развіваць спартыўна-аздараўленчае напрамкі. Ужо зараз прымаем аматараў палявання і рыбалкі, арганізуем купальскія купані, летам будзем будаваць тэнісны корт, валейбольную і дзіцячую пляцоўкі. Можам прапанаваць скандынаўскую хаду. Лазневы чэмпіянат таксама ўпісваецца ў нашы планы, – расказаў намеснік кіраўніка КФГ Анатоль Радзько.

Базу для правядзення спаборніцтваў гаспадары прадаставілі бязмэздны. Вытапілі лазню, прыгатавалі чай, юшку, смачныя шашлыкі са свежай бараніны, для гледачоў падрыхтавалі культурна-забаўляльную праграму.

Да ўдзелу ў выпрабаваннях дапускаліся мужчыны і жанчыны старэйшыя за 18 гадоў, якія маюць медыцынскую даведку аб адсутнасці проціпаказанняў для нагрузак на арганізм. Каб пазбегнуць няшчасных выпадкаў, час у парыльні вырашылі абмежаваць 15 хвілінамі. Судзейства даручылі трэнерам-выкладчыкам Полацкай СДЮШАР. Яны старанна сачылі за працэсам і выстаўлялі балы, па суме якіх вызначаўся пераможца.

– Сёлета мы ўскладнілі крытэрыі ацэнкі. Прапанавалі ўдзельнікам адказаць на пытанні тэматычнай віктарыны, а таксама ўлічвалі іх псіхаэмацыянальны стан. Дадатковыя балы налічваліся тым, хто годна прайшоў інтэлектуальны конкурс, прадэманстраваў бадзёрасць, аптымізм і пачуццё гумару на ўсіх этапах, – растлумачыў кіраўнік судзейскай калегіі Сяргей Гурчонак.

Тэмпература ў парнай дасягала 120-130 градусаў. Праз кожныя 30 секунд суддзі-баншчыкі паддавалі пару, паліваючы вадой распаленыя камяні, строга сачылі за тым, хто і як карыстаецца венікам. Далей удзельнікі выбягалі на свежае паветра, дзе ў той дзень было мінус 12, абціраліся снегам і акуналіся ў лядовую палонку. Тройчы прарабіў усе гэтыя працэдуры, падбадзёрваючы моладзь асабістым прыкладам, 67-гадовы трэнер СДЮШАР Вячаслаў Сысоеў.

Сярод жанчын самай старэйшай удзельніцай стала пенсіянерка з Ветрына Валянціна Рабчонак, а самай юнай – 19-гадовая навучэнка хіміка-тэхналагічнага каледжа Паліна Баграц. Яе напарнік па камандзе выкладчык фізвыхавання Барыс Крыўко быў прызнаны пераможцам сярод мужчын у асабістым заліку.

– Вельмі выдатна, што правялі такія спаборніцтвы. Я ўжо 10 гадоў загартаваюсь: у 25-градусны мароз магу купацца і выдатна сябе адчуваю. Усім раю паспрабаваць. Вядома, першы раз трэба сябе пераадолець, але затое які наймацнейшы душэўны ўздым потым адчуваеш! – падзяліўся ўражаннямі Барыс Крыўко.

У жаночай гвардыі аматарак моцнай пары суддзі вылучылі работніцу Полацкага малочнага камбіната Наталлю Волкаву. Сярод каманд першае месца было аддадзена прадпрыемству «Полацкводаканал», другое – малочнаму камбінату, трэцяе – Ветрынскаму сельсавету.

Звання «Самы стойкі парыльшчык» удастоены Аляксей Грабнёў з Мінскай вобласці. Разам з Анастасіяй Матвеенка ён прадстаўляў вайсковую частку 1463. Гасцям, якія ўпершыню прыехалі на чэмпіянат, арганізатары ўручылі торт з надпісам «Полацкія лазні-2016». Усе пераможцы атрымалі прызы і ганаровыя дыпломы. У наступным годзе гаспадары КФХ «Каношы-агра» зноў гатовыя прыняць турнір і прыкласці ўсе намаганні для таго, каб ён прайшоў яшчэ цікавей.

Ларыса Малашэня, Віцебскія весці. Фота Валянціны Уласенка.