У Полацкім раёне будуюць храм Георгія Пераможцы за кошт дабрачынных сродкаў
У цэнтры аграгарадка Гомель Полацкага раёна пачалося будаўніцтва праваслаўнай царквы ў гонар святога велікамучаніка Георгія Пераможцы за кошт ахвяраванняў грамадзян і арганізацый рэгіёна.
«Бог заўсёды чуе нашы малітвы і выконвае ўсё, што сапраўды трэба чалавеку», - з такімі словамі звярнуўся да прыхаджан архіепіскап Полацкі і Глыбокскі Феадосій, які ўзначаліў малебен перад пачаткам добрай справы. На ўрачыстасці прысутнічаў старшыня Полацкага райвыканкама Мікалай Шаўчук, які прыняў удзел у закладцы капсулы ў падмурак храма, што будуецца.
У Гомельскім сельсавеце цяпер пражывае 1247, у самім аграгарадку - 313 чалавек.
_ Вырашылі пабудаваць свой храм, каб веруючым людзям было дзе паспавядацца, прычасціцца, падумаць пра жыццё, _ распавёў дэпутат сельсавета, кіраўнік навукова-вытворчага аб'яднання «Праект-Канцэпт» Аляксандр Грышчанка. Ён з'яўляецца адным з арганізатараў будаўніцтва, ініцыяванага сумесна з былым старшынёй сельвыканкама Мікалаем Бабічам, які нядаўна пайшоў з жыцця.
Царква будзе драўлянай, узвесці яе плануюць да канца года. Генпадрадчыкам выступае ТАА «Вітторгсэрвіс».
Ларыса Малашэня, «Віцебскія весці».