У Полацкім раёне выберуць найлепшую нявесту

Лепшую сельскую нявесту Полацкага раёна вызначаць 8 жніўня ў вёсцы Фарынава. Знешнія і асобасныя якасці, а таксама ўменні і навыкі дзяўчат будуць ацэньваць па выніках 12 конкурсаў.

Сельская "Super нявеста" на год стане тварам Полаччыны.

Лепшую сельскую нявесту Полацкага раёна вызначаць 8 жніўня ў вёсцы Фарынава, паведамілі ў прэс-службе Полацкага райвыканкама. Знешнія і асобасныя якасці, а таксама ўменні і навыкі дзяўчат будуць ацэньваць па выніках 12 конкурсаў. Прэтэндэнткам на званне супернявесты будзе прапанавана вырашыць эканамічныя задачы, перапеленаць дзіця, прыгатаваць абед, прадэманстраваць веды ў галіне медыцыны і навыкі кіравання аўтамабілем, вядома, не застануцца па-за ўвагай касцюм, прычоска і манеры паводзін дзяўчат.

Лепшая з лепшых атрымае тытул "Super нявеста" і будзе на працягу года запрашацца на ўсе раённыя мерапрыемствы, прымаць удзел у відэаздымках і фотасесіях. "Плануецца, што конкурс стане штогадовым, а фатаграфіі полацкіх "Super нявест" розных гадоў упрыгожаць хол загса горада Полацка", - адзначылі ў прэс-службе.

У цэлым дзень 8 жніўня ў Фарынава будзе насычаны разнапланавымі мерапрыемствамі. Тут адбудзецца велакарнавал, а таксама конкурс "Лепшы хлопец на вёсцы". У населеным пункце будуць арганізаваны прэзентацыя паляны казачных фігур пад адкрытым небам "Цудоўград", конкурс па паяданні беларускіх клёцак на хуткасць, арт-прастора "Бульвар мастацтваў", конкурс "Вакальны рынг", майстар-класы па вулічных танцах, вечаровы запальны флэшмоб, кінасеанс з дэманстрацыяй сямейнай кінакамедыі, маладзёжная дыскатэка і інш.

Алена Ціханава, БЕЛТА.