У пасяўной Прыдзвіння лідзіруе Аршаншчына

На палях вобласці працягваецца яравы сеў. Аграрыям трэба выканаць яшчэ чвэрць задання, зацверджанага Мінсельгаспрадам краіны. Трэба засеяць прыкладна чвэрць рапсавага поля, 70 працэнтаў — кукурузнага, пасадзіць палову бульбы і столькі ж агародніны, паставіць завяршальную кропку на ільновым кліне. Паралельна вядзецца перасейванне загінулых азімых збожжавых. З 20 тысяч выбракаваных гектараў пакуль перасеяна яравымі 5 тысяч. А вось падсейванне шматгадовых траў праведзена на 90 працэнтах занятых імі плошчаў і набліжаецца да канца.
— Бяспрэчным лідарам вясновай пасяўной кампаніі з'яўляецца Аршанскі раён. Там засеяна яравымі культурамі 90 працэнтаў адведзенай пад іх тэрыторыі ў 31 тысячу гектараў. Прыкладна такую ж плошчу трэба асвоіць і сельгаспрадпрыемствам Віцебскага раёна, аднак яны адстаюць ад аршанцаў на 20 працэнтаў. У ліку лепшых раёнаў па тэмпах вясновага севу я б назваў разам з Аршанскім Дубровенскі, Гарадоцкі, Чашніцкі, Глыбоцкі раёны, дзе адзначаецца высокая арганізацыя працы і лепшыя агратэхнічныя тэрміны не будуць упушчаны, — паведаміў начальнік аддзела земляробства, раслінаводства і кармавытворчасці аблсельгаспрада Аляксей Туркоў.

Кацярына АНЕЧКІНА.
«Віцебскі рабочы»