У Паставах абмеркавалі пытанні павышэння канкурэнтаздольнасці спажывецкай кааперацыі
Пытанні работы спажывецкай кааперацыі, павышэнне яе канкурэнтаздольнасці, задавальненне патрэб насельніцтва, перш за ўсё ў малых населеных пунктах, абмяркоўвалі ў Паставах на сумесным пасяджэнні Савета па ўзаемадзеянні органаў мясцовага самакіравання пры Савеце Рэспублікі і праўлення Белкаапсаюза.




Па словах старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Міхаіла Мясніковіча, які прыняў удзел у рабоце пасяджэння, на парадак дня вынесена амбіцыйнае пытанне – павышэнне эфектыўнасці абслугоўвання сельскага насельніцтва. Гэту тэму неабходна разглядаць сістэмна і комплексна, пад вуглом зроку работы Саветаў дэпутатаў, якіх насельніцтва дэлегавала на вырашэнне сваіх праблем.
– Савет Рэспублікі павінен садзейнічаць развіццю рэгіёнаў, на гэта накіраваны шэраг дэкрэтаў Прэзідэнта, закліканых стымуляваць дзелавую актыўнасць. Гэта базавыя дакументы, якія дазваляюць гаварыць аб новых напрамках сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны. Яны адпавядаюць духу рашэнняў V Усебеларускага сходу, – падкрэсліў спікер.
Як растлумачыў старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні, старшыня Савета па ўзаемадзеянні органаў мясцовага самакіравання Аляксандр Попкоў, такая сустрэча парламентарыяў і кіраўнікоў спажывецкіх таварыстваў праходзіла ўпершыню.
У пытаннях павышэння якасці абслугоўвання сельскага насельніцтва дэпутаты і мясцовая ўлада павінны працаваць у сувязі з галоўным пастаўшчыком паслуг, якім на сённяшні дзень з'яўляецца спажывецкая кааперацыя.
– У гэтай сістэме працуе каля 63 тыс. чалавек, яна дае 7% усяго тавараабароту ў Беларусі. Пакуль толькі спажывецкая кааперацыя займаецца абслугоўваннем жыхароў аддаленых, маланаселеных вёсак. Працуе сабе ў страту, але выконвае важную сацыяльную функцыю. Сёння перад галіной стаіць задача павышаць эфектыўнасць работы, ствараць цэхі па перапрацоўцы, адкрываць новыя працоўныя месцы, змяншаць кошт прадукцыі, – адзначыў Аляксандр Попкоў.
Невыпадкова месцам правядзення пасяджэння выбраны Паставы. Тутэйшае райпо – адно з лепшых у краіне, на яго прыкладзе можна ўбачыць, што спажывецкая кааперацыя здольна вырашаць ускладзеныя на яе задачы і працаваць прыбыткова.
Удзельнікі сустрэчы перад пачаткам сур'ёзнай размовы наведалі фірменную краму райпо «Родны кут» і пераканаліся, што цана на асноўныя тавары тут цалкам можа канкураваць з буйнымі сеткавікамі – «Еўраоптам», «Каронай», «Суседзямі». Прычым большасць прадуктаў – уласнай вытворчасці.
Мясцовы каўбасны цэх дамогся 100-працэнтнай перапрацоўкі мяса, выпускае да 3 т прадукцыі ў змену, асартымент налічвае 100 найменняў. Пастаўчане адзіныя ў Беларусі змаглі выйсці са сваімі каўбаснымі вырабамі на рынак Эстоніі.
Вялікім попытам карыстаецца прадукцыя квасільна-салільнага цэха. У дзень яго наведвання парламентарыямі машыны з квашанай капустай адпраўляліся ў Архангельск, а адтуль на Сахалін. А натуральны яблычны сок пастаўляецца ў крамы «Карона».
Старшыня савета дырэктараў ТАА "Тытунь-інвест" Павел Топузідзіс, якому належыць гэтая гандлёвая сетка, падкрэсліў, што сеткавікі і спажывецкая кааперацыя могуць і павінны быць партнёрамі.
За апошнія 5 гадоў на Віцебшчыне колькасць занятага ў сельскай гаспадарцы працаздольнага насельніцтва скарацілася на чвэрць. І гэта дадало клопатаў спажывецкай кааперацыі вобласці, якая сёння больш выконвае сацыяльныя функцыі, чым камерцыйныя, працуе са стратамі.
– Як вынік – недахоп уласных абаротных сродкаў для больш якаснага абслугоўвання сельскага насельніцтва і развіцця арганізацый спажывецкай кааперацыі, – адзначыла старшыня камітэта эканомікі Віцебскага аблвыканкама Анжаліка Нікіціна.
У мэтах стабілізацыі фінансава-эканамічнай сітуацыі праўленнем аблпотребсаюза сумесна з аблвыканкамам распрацаваны і зацверджаны план мерапрыемстваў па павышэнні эфектыўнасці дзейнасці потребкааперацыі на 2018 – 2020 гады, у якім прадугледжана аптымізацыя арганізацыйнай структуры, вызначаны напрамкі развіцця галін.
Найбольш даходныя з іх – аптовая гандаль, прамысловая вытворчасць, нарыхтоўчая дзейнасць і экспарт. Плануецца стварыць міжраённыя спажывецкія таварыствы па тэрытарыяльнай прыкмеце, што дазволіць сканцэнтраваць грашовыя і таварныя патокі.
Старшыня абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Церанцьеў прывёў прыклады актыўнага ўдзелу мясцовых органаў самакіравання ў стварэнні новых працоўных месцаў, адкрыцці вытворчасцей, што непасрэдна ўплывае на павышэнне ўзроўню жыцця сельскага насельніцтва, эканамічнай стабільнасці рэгіёнаў.
Многія ўдзельнікі пасяджэння гаварылі аб тым, што дзяржаве неабходна хаця б часткова кампенсаваць выдаткі потребкааперацыі, звязаныя з абслугоўваннем насельніцтва ў аддаленых і маланаселеных вёсках.
Часам аўталаўкам даводзіцца ездзіць за 70 км, каб прывезці прадукты аднаму – двум жыхарам. Толькі за адзін год, як адзначыў старшыня праўлення Белкаапсаюза Валерый Іваноў, аўталаўкі краіны накаталі 170 млн км.
Сваё бачанне пытання абслугоўвання сельскага насельніцтва прадставіў аперацыйны дырэктар гандлёвай сеткі «Еўраопт» Уладлен Атрошкін. Ён, у прыватнасці, адзначыў, што з Белкаапсаюзам у кампаніі складваецца канструктыўны дыялог. Ёсць дамоўленасць аб тым, што два раёны, адзін з якіх Аршанскі, «Еўраопт» цалкам бярэ на сябе. У кампаніі ёсць аўтамагазіны, працуе «Е-дастаўка», і адзін з буйных гульцоў на рынку гандлю здольны даказаць, што бізнес у сельскай мясцовасці можа быць даходным.
Наколькі гэта так, пакажа час, а пакуль самай універсальнай мадэллю застаецца сістэма спажывецкай кааперацыі. Дадзеная структура абслугоўвае 35% насельніцтва краіны, вырабляе чвэрць агульных аб'ёмаў хлеба. Доля спажывецкай кааперацыі ў фарміраванні на міжсезонны перыяд рэспубліканскіх стабілізацыйных фондаў агародніны і бульбы складае 20%.
Нягледзячы на цяжкасці, Белкаапсаюз уваходзіць у дзясятку найбуйнейшых падаткаплацельшчыкаў. Усё гэта сведчыць аб тым, што спажывецкая кааперацыя мае значны патэнцыял, запатрабавана на месцах і ад яе паспяховай працы шмат у чым залежыць сацыяльна-эканамічнае развіццё рэгіёнаў.
Падводзячы вынікі пасяджэння, Міхаіл Мясніковіч адзначыў, што неабходна развіваць супрацоўніцтва і кааперацыю ўсіх удзельнікаў сельскага сэрвісу. Канкурэнцыя ў гэтай справе пойдзе толькі на карысць. Пакуль многія сеткавікі імкнуцца прыйсці ў буйныя населеныя пункты, райцэнтры, дзе ўзровень даходаў насельніцтва вышэй.
Міхаіл Уладзіміравіч падкрэсліў, што нельга забываць і пра жыхароў хутароў, аддаленых вёсак. Гэтыя пытанні павінны вырашацца ў тым ліку Саветамі дэпутатаў, выканкамамі.
Спікер таксама адзначыў, што неабходна распрацаваць стратэгію абслугоўвання сельскага насельніцтва і падумаць аб тым, як дзяржава можа дапамагчы тым, хто выконвае важную сацыяльную функцыю – клапоціцца аб жыхарах аддаленых і маланаселеных вёсак.
ТАТЬЯНА ПАСТЕРНАК, Фота Дзмітрыя ОСІПАВА, "Віцебскія весці".