У Паставах адкрыўся першы ў раёне дзіцячы дом сямейнага тыпу
Плошча асаняка, які абышоўся дзяржбюджэту ў суму каля 3 млрд. недэнамінаваных рублёў, больш за 200 кв. м. Будаўніцтвам займалася вядомае ў раёне прадпрыемства «Рассвет Пастаўскі».
Выхаванне дзяцей даверылі надзейным і правераным людзям. Вольга і Аляксандр Вавінскія яшчэ ў 1999 годзе ўзялі ў сям'ю дзяўчынку Машу, якая расла разам з роднымі сынамі Паўлам (цяпер ён дырэктар пастаўскай спартыўнай школы) і Пятром (скончыў Віцебскае дзяржаўнае вучылішча алімпійскага рэзерву). Сёння 27-гадовая дзяўчына жыве ў Італіі. Затым было яшчэ трое выхаванцаў.
Аляксандр Кашырын растлумачыў асаблівасці такога ўстановы. Муж і жонка ў адрозненне ад класічнай прыёмнай сям'і працуюць ва своеасаблівым міні-дзіцячым доме па афіцыйнай спецыяльнасці «бацькі-выхавальнікі дзіцячага дома сямейнага тыпу». Абавязковы вопыт выхавання чужых дзяцей. Самі жывуць тут жа. Атрымліваюць не ахці якія заробкі, затое асобна на ўтрыманне кожнага дзіцяці выдзяляецца пэўная сума, дзяржава цалкам аплачвае ўсе камунальныя паслугі, аздараўленне дзяцей.
Сёння ў дружнай сям'і 8 дзяцей (а згодна з палажэннем тут могуць выхоўвацца ад 5 да 10 дзяцей), з якіх самая малодшая – родная Варвара. Дзяўчынцы (яна падчас майго наведвання была на занятках у танцавальным гуртку, таму ў кадры адсутнічае) споўнілася 8 гадоў, старэйшым Дзянісу і Віталю па 14. А яшчэ ёсць Аляксандр і Аляксандра, Станіслаў, Дзмітрый і Яўген.
Усе дзеці наведваюць школу. Пагутарыў з дзецьмі. Дзяўчынка Саша не адыходзіць ад сваёй новай «мамы» і хоць знаходзілася тут менш за тыдзень, паступіўшы з мясцовага прытулку, ужо паспела з усімі пасябраваць. Як і Віталік, які таксама літаральна днямі прыбыў з дзіцячага дома. Вельмі любіць гатаваць і ўжо дапамагае Вользе Яўгенаўне гатаваць на кухні.
Дом вельмі ўтульны і чысты. На першым паверсе хол, спартыўны куток (тата сур'ёзна займаўся дзесяцібор'ем, сёння
праводзіць фізкультуру ў мясцовай гімназіі) з тэнісным сталом і трэнажорамі, канапа з крэсламі для прыёму гасцей, прасторная кухня, дзе дзятва любіць сумесна рыхтаваць хатнія заданні. Тут жа ванная, гардэроб, кладоўка і г.д. На другім паверсе бацькоўскі пакой, дзіцячыя спальні, пакой для гульняў, душ і санузлы. Таксама прасторны хол, як і ўнізе.У добраўпарадкаванні жылля дапамаглі, як кажуць, усім мірам: прадпрыемствы і арганізацыі раёна, людзі розных прафесій сабралі каля 200 млн недэнамінаваных рублёў. Усё тут радуе вока. Ёсць ужо і свае жывёлы: каты і сабака, які ўсёй душой любіць малышню.
Радуе, што такія ўстановы з'яўляюцца ў розных раёнах вобласці. Гэта добрая справа для дзяцей з няпростым лёсам, якім незнаёмыя людзі спрабуюць замяніць тату і маму.
Алесь БЫНЬКОЎ, фота аўтара. «Віцебскія весці».