У правілы прыёму ў ВНУ ў 2013 годзе могуць быць унесены змены

Міністэрства адукацыі прапануе ўнесці змяненні ў дзеючыя правілы прыёму ў вышэйшыя навучальныя ўстановы Беларусі. Аб гэтым паведаміў сёння падчас online-канферэнцыі на сайце БЕЛТА міністр адукацыі Сяргей Маскевіч. Паводле яго слоў, на ўнясенне змяненняў нацэлены Міністэрства адукацыі, вышэйшыя навучальныя ўстановы і Дзяржаўная камісія па кантролі за ходам правядзення ўступных кампаній. Апошняя павінна падвесці вынікі бягучай уступнай кампаніі, прадставіўшы свае прапановы. "Тады можна будзе гаварыць, якія магчымы змяненні ў правілы прыёму на наступны год", - сказаў міністр. Ён удакладніў, што размова ідзе ў першую чаргу аб увядзенні тых змяненняў, якія абмяркоўваліся ў мінулым годзе, - спрошчэнне сістэмы льготнага прыёму і перанос усіх льгот з часу паступлення на час самога навучання ў ВНУ. "Далей мы будзем настройвацца на павышэнне патрабаванняў да абітурыентаў. Прохадны бал, які дазваляе ўдзельнічаць у конкурсе, будзе павышацца", - растлумачыў Сяргей Маскевіч. Акрамя таго, Міністэрства адукацыі плануе пашыраць магчымасці для экспарту адукацыйных паслуг. "У гэтым годзе мы зрабілі пэўныя крокі для таго, каб у беларускія ўстановы маглі паступаць грамадзяне Расіі, Казахстана, Узбекістана, Кыргызстана, а таксама замежныя грамадзяне па сумоўі", - распавёў міністр. Магчымы і іншыя змяненні, якія будуць накіраваны на спрошчэнне сістэмы залічэння, павышэнне попыту на адукацыйныя паслугі і ўзмацненне патрабаванняў да абітурыентаў. Змяніць правілы прыёму планавалі і ў мінулым годзе. Але кіраўнік дзяржавы тады вырашыў працягнуць на год дзеянне цяперашніх правілаў.-0-