Напярэдадні Дня народнага адзінства Дзмітрый Дзямідаў сустрэўся з калектывам УП «Віцебскаблгаз»
– Ужо 85 гадоў мы адзіныя тэрытарыяльна і духоўна, – падкрэсліў старшыня абласнога Савета дэпутатаў. – І ніхто не мае права сказаць, што хтосьці акрамя нас саміх вырашае лёс нашай Радзімы.
Дзмітрый Дземідаў зрабіў кароткі экскурс у гісторыю. Даступнай мовай расставіў акцэнты палітычнай падаплёкі падзей, якія адбываліся да 1939 года – года ўз'яднання беларускага народа.
– Цяпер ва ўмовах поўнамаштабнай гібрыднай вайны, якая вядзецца супраць нас, наша краіна самааддана абараняе гістарычную памяць і праўду. Мы ніколі не будзем абыякавымі да спроб апраўдаць крывавыя рэйды баевікоў і забойствы мірных жыхароў, апаганіць памяць нашых суайчыннікаў, – сказаў спікер. – Мы павінны памятаць гора нашых продкаў, радасць вызваліцеляў і вызваленых, здраду падлюг і трыумф справядлівасці.
Тэрытарыяльная цэласнасць Рэспублікі Беларусь, адзінства нашага народа абапіраецца на лёсавызначальныя гістарычныя рашэнні, прынятыя 85 гадоў таму, падкрэсліў кіраўнік дэпутацкага корпуса Віцебшчыны. Будаўніцтва сапраўднай сацыяльна арыентаванай дзяржавы магчыма толькі ў кансалідаваным грамадстве. У XXI стагоддзі нас не зламілі ні пандэмія, ні спроба зладзіць каляровы мяцеж, ні рабаўніцкія санкцыі калектыўнага Захаду. Не зламілі, таму што мы заўсёды былі і застаёмся разам. На нашым баку праўда і мы гатовыя жыць сваім розумам і працай – вось чаму для нас Дзень народнага адзінства - гэта сімвал салідарнасці, патрыятызму і сіла нацыі.