Напярэдадні Дня вызвалення Віцебска ад фашысцкіх захопнікаў над горадам разнёсся голас набатнага звана
25 чэрвеня, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Напярэдадні Дня вызвалення Віцебска ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў над горадам прагучаў жалобны голас набат-звана. Цырымонія адкрыцця капліцы са званом прайшла сёння на месцы былога канцэнтрацыйнага лагера "5-ы полк", перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Летам 1941 года на месцы 5-га чыгуначнага палка ў паўночна-заходняй частцы Віцебска фашысты стварылі канцэнтрацыйны лагер. У перыяд з 1941 года да вызвалення горада ў 1944 годзе праз яго прайшлі каля 150 тыс. мірных жыхароў і ваеннапалонных, з якіх 80 тыс. загінулі. Паводле звестак гісторыкаў, сярэдні ўзрост вязняў канцлагераў складаў 20-30 гадоў.
"Мы павінны не забыць гэтай трагедыі, тых, хто цаной свайго жыцця адваяваў наша жыццё і незалежнасць нашай радзімы", - сказаў на цырымоніі кіраўнік Адміністрацыі Чыгуначнага раёна Віцебска Юрый Панфілаў.
На жаль, да гэтага часу не ўдаецца ўстанавіць імёны ўсіх загінулых вязняў канцэнтрацыйнага лагера "5-ы полк". У памяць аб іх гарадскія ўлады маюць намер стварыць на месцы канцлагера мемарыяльны комплекс - Даліну памяці і смутку. У цяперашні час на месцы лагера ў памяць аб ахвярах фашызму ўстаноўлены абеліск.
Дзень вызвалення Віцебска ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў адзначаецца 26 чэрвеня.-0-