Напярэдадні моцных маразоў у Віцебскай вобласці ўзмацнены аварыйныя брыгады і скарочаны інтэрвал руху транспарту

22 студзеня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Напярэдадні моцных маразоў у Віцебскай вобласці з мэтай прадухілення надзвычайных сітуацый, гібелі і траўматызму людзей, недапушчэння збояў функцыянавання аб'ектаў жыццезабеспячэння насельніцтва, нармальнага функцыянавання аб'ектаў сацыяльнай сферы, недапушчэння пагаршэнняў умоў жыццезабеспячэння насельніцтва праведзены комплекс арганізацыйных і практычных мерапрыемстваў. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў абласной камісіі па надзвычайных сітуацыях. Прыняты дадатковыя меры па забеспячэнні безаварыйнай працы аб'ектаў энергетыкі, транспарту і камунікацый, узмоцнены аварыйныя брыгады камунальных службаў і дзяжурныя службы МНС. Работнікі аварыйных брыгад забяспечаны цёплым адзеннем, інструментам і абсталяваннем для правядзення работ у экстрэмальных сітуацыях. Транспартныя службы прымаюць меры па забеспячэнні безаварыйнай працы грамадскага транспарту і павялічваюць колькасць аўтобусаў, трамваяў і тралейбусаў на гарадскіх маршрутах для скарачэння інтэрвалу руху. Жыллёва-камунальная гаспадарка пад асаблівы кантроль узяла стан унутрыдамавых сетак у шматкватэрных дамах. У вобласці маюцца дзве мабільныя кацельні на выпадак узнікнення аварый. Службы МНС прымаюць меры па прафілактыцы пажараў, асабліва ў прыватным сектары. Штодня праводзяцца рэйды па праверцы домаўладанняў грамадзян. Інспектары зноў звяртаюцца да насельніцтва з напамінкам аб недапушчальнасці перагрэву печаў, выкананні правілаў карыстання газавым ацяпляльным абсталяваннем. Па дадзеных Віцебскага абласнога цэнтра па гідраметэаралогіі і маніторынгу навакольнага асяроддзя, на вобласць наступае паўночны цыклон. У суботу 23 чакаюцца маразы да 30 градусаў, якія па класіфікацыі метэаролагаў лічацца моцнымі. Па прагнозах, яны пратрымаюцца да сярэдзіны наступнага тыдня, на змену ім прыйдуць да мінус 25. Упершыню за апошнія 23 гады ў студзені ў Віцебскай вобласці не назіралася адлігаў. Сярэднямесячная тэмпература ніжэй за кліматычную норму на 7 градусаў.-0-