Напярэдадні «Славянскага базару» ў Летнім амфітэатры Віцебска прайшлі вучэнні МНС
– На дадзены момант вядуцца мантажныя работы на сцэне, якая, як заўсёды, будзе асаблівай. За 30 гадоў яе афармленне ні разу не паўтаралася. Грымёркі ўжо гатовыя, у іх наводзіцца апошні бляск, – расказаў загадчык філіяла «Летні амфітэатр» ДУ «Цэнтр культуры «Віцебск» Андрэй Карпаў. – Наводзіцца прыгажосць і на тэрыторыі вакол амфітэатра, дапамогу ў гэтым нам аказвае КПУП «Віцебскі Зяленбуд», які рыхтуе шэраг сюрпрызаў для жыхароў і гасцей абласнога цэнтра. Вядома, важная бяспека гасцей фестывалю. На тэрыторыі амфітэатра штогод напярэдадні фестывалю абласное ўпраўленне МНС праводзіць маштабныя тактыка-спецыяльныя вучэнні. Гэты год не стаў выключэннем.
Зладжанасць і прафесіяналізм прадэманстравалі віцебскія ратавальнікі, якія ліквідавалі ўмоўнае ўзгаранне, аказалі дапамогу пацярпелым. На вучэннях было задзейнічана больш за 40 работнікаў МНС, 11 адзінак тэхнікі.
– Падрыхтоўка ратавальнікаў да адкрыцця XXX Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску» пачалася з 9 чэрвеня. На ўсіх фестывальных аб'ектах адпрацоўваліся аператыўныя планы, алгарытмы тушэння пажараў і эвакуацыі, – паведаміў начальнік абласнога ўпраўлення МНС Сяргей Мялешкін. – Усяго праверылі больш за 50 аб'ектаў, на 16 правялі адпаведныя трэнінгі. Усё гэта зроблена ў цесным узаемадзеянні з іншымі службамі горада. У перыяд фестывалю работнікі ўпраўлення пяройдуць на ўзмоцнены рэжым працы, кожны будзе гатовы ў любы час сутак аказаць неабходную дапамогу як жыхарам, так і гасцям Віцебска.