У пракуратуры расказалі падрабязнасці карных аперацый нацыстаў на тэрыторыі Аршанскага раёна ў гады Вялікай Айчыннай вайны

На тэрыторыі Аршанскага раёна ў гады Вялікай Айчыннай вайны нямецка-фашысцкімі акупантамі і іх пасобнікамі праведзены дзве карныя аперацыі пад кодавымі назвамі «Грыф» і «Карлсбад».  

Карная аперацыя «Грыф» была праведзена на тэрыторыі Аршанскага і Сянненскага раёнаў з 16 па 30 жніўня 1942 г.

– У ходзе правядзення аперацыі нямецка-фашысцкія захопнікі мелі намер ачысціць ад партызан вялікі лясіста-балацісты масіў, паблізу аўтамабільных і чыгуначных дарог у трохвугольніку Віцебск – Орша – Смаленск, – кажа старшы памочнік пракурора Аршанскага раёна Віталь Іўчык. – У аперацыі прымалі ўдзел 13-ы і 14-ы паліцэйскія, 61-ы ахоўны, 638-ы французскі, 257-ы пяхотны палкі, артылерыйскія і жандармскія часці, спецыяльны батальён, група паліцыі і СД. У яе ходзе карнікі знішчылі каля 900 жанчын і дзяцей, 910 чалавек вывезлі ў Германію для рабскай працы, спалілі некалькі вёсак, у тым ліку Бартнікі і Марозаўку. Акрамя гэтага, нацысты адабралі ў мясцовага насельніцтва больш за 1700 галоў буйной рагатай жывёлы.

Карная аперацыя «Карлсбад» была праведзена нямецка-фашысцкімі акупантамі і іх пасобнікамі на тэрыторыі Аршанскага, Талачынскага, Круглянскага і Шклоўскага раёнаў у кастрычніку 1942 года.

 – У яе ходзе гітлераўцы з асаблівай жорсткасцю расправіліся з жыхарамі вёсак Бор, Ваўкаўшчына, Задні, Казлы, Падар, – паведаміў Віталь Іўчык. – Нацысты спалілі вёскі Гаенка і Паляжэеўка. Расстралялі 1051 чалавека, у асноўным жанчын, старых і дзяцей. 

Абставіны тых страшных падзей сталі вядомыя ў ходзе расследавання крымінальнай справы па факце генацыду насельніцтва сучаснай тэрыторыі нашай краіны ў гады Вялікай Айчыннай вайны нацысцкімі злачынцамі і іх саўдзельнікамі.

"ВІЦЕБСКІЯ ВЕСТКІ"