У пракуратуры Віцебскай вобласці распавялі пра ход расследавання крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа

- У рамках расследавання крымінальнай справы з красавіка 2021 года па рэспубліцы дапытана звыш 16 тысяч чалавек, з іх больш за 2,5 тысячы ў Віцебскай вобласці, - распавёў намеснік начальніка аддзела пракуратуры Віцебскай вобласці Уладзіслаў Нарыжны. - Сярод іх больш за палову – гэта вязні лагераў смерці, іх сваякі, іншыя сведкі і відавочцы злачынстваў нямецка-фашысцкіх захопнікаў і калабарацыяністаў. Большасць допытаў запісана на відэа. Праведзена звыш 5 тысяч аглядаў архіўных дакументаў, месцаў масавага знішчэння і пахавання мірных грамадзян, сельскіх населеных пунктаў.

Па словах суразмоўцы, на тэрыторыі Віцебскай вобласці ў гады вайны было створана не менш за 105 месцаў прымусовага ўтрымання мірных грамадзян і ваеннапалонных. Фактычна гэта былі лагеры смерці, дзе шляхам стварэння невыносных умоў знішчана значная колькасць насельніцтва.

- Устаноўлены звесткі не менш чым аб 67 раней невядомых месцах масавага пахавання мірных жыхароў, - працягвае прадстаўнік нагляднага ведамства. – У кожным плануецца правесці палявыя пошукавыя работы з мэтай пошуку парэшткаў забітых мірных грамадзян падпольшчыкаў і партызан. Сёлета на Віцебшчыне будуць праведзены палявыя пошукавыя работы ў Сенненскім, Пастаўскім і Полацкім раёнах.

На тэрыторыі вобласці нямецка-фашысцкімі захопнікамі і іх памагатымі праведзена не менш за 52 буйных карных аперацыі. Пры гэтым было знішчана і часта спалена разам з мірнымі жыхарамі не менш за 5179 сельскіх населеных пунктаў. А спіс «Сясцёр Хатыні» на тэрыторыі Віцебскай вобласці (гэта населеныя пункты, якія падчас вайны былі знішчаны цалкам, загінула не менш за 50% мірных жыхароў, пасля вайны дадзеныя населеныя пункты не адрадзіліся) павялічыўся на 60, і цяпер складае 170 населеных пунктаў.

Як падкрэсліў Уладзіслаў Нарыжны, адной з задач расследавання крымінальнай справы з'яўляецца захаванне гістарычнай справядлівасці, праўды і памяці аб подзвігу нашых продкаў, нашага народа. Гэта робіцца з мэтай патрыятычнага выхавання дзяцей і моладзі Беларусі.
- Неабходна данесці да маладога пакалення праўду аб тых трагічных падзеях на падставе фактаў, устаноўленых у ходзе расследавання, - адзначыў прадстаўнік нагляднага ведамства. – Акрамя таго, важна не дапусціць адраджэння нацызму, увекавечыць памяць ахвяр генацыду.
Расследаванне крымінальнай справы працягваецца.

"ВІЦЕБСКІЯ ВЕСТКІ"