У рамках "Славянскага базару ў Віцебску" адбудзецца Дзень моладзі (+праграма)

18 ліпеня ў рамках афіцыйнай праграмы XXIX Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" ў горадзе над Дзвіной у фармаце маладзёжнага феста «#YouthDays2020» адбудзецца Дзень моладзі, які традыцыйна аб'яднае самую творчую і спартыўную моладзь з усіх рэгіёнаў Беларусі (СКАЧАЦЬ ПРАГРАМУ).

Жыхары і госці фестывальнага Віцебска змогуць наведаць тэматычныя маладзёжныя лакацыі: #CreativeYouth і #SportYouth.

Цэнтральныя мерапрыемствы Дня моладзі з 10.00 разгорнуцца на плошчы Перамогі. Тут на працягу дня запланавана праца інтэрактыўных пляцовак: «#Беларусь Помні!», «ЗА Беларусь!», «#Шануй Традыцыі!», «#Жыві Ярка!», «#Будзь Здаровы!», «#Твары Дабро!», «#Будзь з намі!». Кожны ахвотны зможа стаць удзельнікам фестывалю дваровых гульняў «Альтернатива» і ўспомніць любімыя гульні: «Квадрат», «Я ведаю пяць імёнаў», «Сапсаваны тэлефон», «Сала́ўкі», «Ядомае – неядомае», «Ногі» і інш.

Не пакіне абыякавымі гледачоў фестываль кавераў «Копія верная». Да прыкладу, кавер-бэнд «Ежкин кот» з Салігорскага раёна Мінскай вобласці выканае як аўтарскія кампазіцыі, так і папулярныя хіты з рэпертуару Макса Коржа і гурта «Кіно», а Заслужаны аматарскі калектыў Беларусі інструментальны ансамбль «Брыз» са Столінскага раёна Брэсцкай вобласці – хіты: «Je taime», «Туман», «Танцы на шкле», «With you», «Рыба маёй мары», «Back in the U.S.S.R» і іншыя. Тут жа, на плошчы Перамогі, пры падтрымцы клуба KiberRoom, пройдзе Першы адкрыты абласны турнір па кіберспорце. Сталічныя мастакі графiцi Іван Колтовіч і Ілья Трускоўскі – аўтары палатна 350 м #раЗАм у Мінску – створаць у Віцебску новы графiцi-твоp.

Урачыстая цырымонія адкрыцця Дня моладзі адбудзецца а 12.00. Яе складовай часткай стане прэзентацыя рэспубліканскага праекта «Паштоўка.БЕЛ», які накіраваны на папулярызацыю дасягненняў краіны і будзе рэалізаваны ў фармаце «Посткросінг».

А 12.30 стартуе «#Маладзёжны забег». Плануецца, што ў марафоне здаровага ладу жыцця возьмуць удзел

тры сотні маладых людзей. Яны пераадолеюць дыстанцыю 6,5 км па маршруце: плошча Перамогі - вуліца Леніна - вуліца Фрунзе - вуліца Смаленская - праспект Маскоўскі - плошча Перамогі. Запіс для ўдзелу ў спартыўным марафоне праходзіў загадзя. Галоўная ўмова – узрост 18+ і моцнае здароўе.

У 12.40 у ходзе патрыятычнай акцыі «Беларусь памятае. Памятаем кожнага»моладзь ускладе кветкі да мемарыяльнага комплексу ў гонар савецкіх воінаў-вызваліцеляў, партызан і падпольшчыкаў Віцебшчыны і разгорне рэспубліканскае палатно «Беларусь памятае!» з імёнамі Герояў Савецкага Саюза і поўных кавалераў ордэна Славы, удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны - беларусаў і ўраджэнцаў Беларусі.

У 13.30 БРСМ пад слоганам «Захоўваючы - прымнажаем!» БРСМ дасць старт рэспубліканскаму праекту «Адкрыты дыялог «Беларусь: учора, сёння, заўтра». Дыскусійная пляцоўка пачне сваю працу ў Віцебскай абласной бібліятэцы імя У.І.Леніна з удзелам больш за 120 дзяцей. Падчас актуальнай дыскусіі разам з экспертамі – кіраўнікамі Міністэрства адукацыі, Віцебскай вобласці, ГА «БРСМ» – яны абмяркуюць шэраг пытанняў, якія тычацца сферы маладзёжнай палітыкі, свайго ўдзелу ў вырашэнні сацыяльна-эканамічных, культурных, прававых, экалагічных і іншых праблем, рэалізацыі маладзёжных ініцыятыў як сродку фарміравання актыўнай грамадзянскай пазіцыі.

З 10.00 маштабны маладзёжны спартыўны івент для віртуозаў экстрэмальных відоў спорту запланаваны на пляцоўцы каля Летняга амфітэатра. Пры падтрымцы Беларускай федэрацыяй па канькабежным спорце дзеці паўдзельнічаюць у спаборніцтвах па хуткасным бегу на ролікавых каньках, а з Беларускай федэрацыяй скейтбордынгу - у адкрытым чэмпіянаце Belarus Skateboard Challenge. На гэтай жа пляцоўцы пройдуць паказальныя выступленні наймацнейшых гіравікоў Беларусі і адкрытыя абласныя спаборніцтвы па гіравым спорце «Кубак губернатара», а таксама абласны турнір па баскетболе 3x3. Тых, хто аддае перавагу рэву матораў і ўдарнаму гуку, чакаюць у парку імя Савецкай Арміі на аўтафесце «Hotweekend».

Завяршальным акордам Дня моладзі стане начны парад удзельнікаў рэспубліканскага праекта «Маладзёжны цягнік «#Беларусь. Маладзёжнасць. Натхненне» (21.30): студэнтаў, прадстаўнікоў працоўных калектываў, IT- і благасферы, маладзёжных грамадскіх і спартыўных аб'яднанняў, парламентарыяў і валанцёраў. Маладзёжная каманда пройдзе парадам ад плошчы Перамогі да чыгуначнага вакзала, дзе адбудуцца ушанавальныя правады маладзёжнай каманды (22.40). На працягу сямі дзён на стылізаваным сімволікай праекта чыгуначным саставе яны праедуць па маршруце Віцебск – Шклоў – Магілёў – Гомель – Пінск – Брэст – Гродна – Маладзечна – Мінск і прымуць удзел у насычанай праграме.

Арганізатарам Дня моладзі выступае Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі пры падтрымцы Міністэрства адукацыі Беларусі і Цэнтра культуры «Віцебск» Дырэкцыі Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску».

Інфармацыя прадстаўлена БРСМ. Фота з архіва газеты "Віцебскія весці".