У межах XXVI Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі Базар- 2017» адбыўся абласны турнір народнага танца
Больш за 70 пар ва ўзросце ад 16 да 30 і ад 30 да 50 і старэйшыя з розных куткоў Віцебскай вобласці прынялі ўдзел у абласным турніры народнага танца. Беларускае танцавальнае мастацтва, прадстаўленае ў выглядзе народнага самадзейнага сцэнічнага танца, у чарговы раз даказала: спрадвечная культура вяртаецца ў самасвядомасць жыхароў Віцебшчыны.
- Турнір сярод танцавальных калектываў упершыню праводзіцца ў рамках «Славянскага базару» і гэта сімвалічна, таму што Міжнародны фестываль сам па сабе - аб'яднанне творчых сіл, блізкіх па культуры краін і адраджэнне культурнай спадчыны славянскіх народаў, — разважае старшыня журы, дырэктар Лепельскай дзіцячай школы мастацтваў, кіраўнік заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь фальклорнага ансамбля \"Землянички\" Вераніка Хомбак. - Як і ў цэлым, адраджаецца ўся беларуская танцавальная культура, якую мы імкнемся вярнуць у побыт сучаснага чалавека.
- Шматстатнасць рэпертуару, уменне танцаваць як мага больш беларускіх танцаў — не самыя галоўныя складнікі турніру. Галоўнае — настрой і задавальненне, якія атрымалі і самі танцоры, і гледачы, - дадае старшыня Віцебскай абласной арганізацыі прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму Алена Сабірава.
У турніры было важна ўсё: касцюм, этыкет і, вядома, музыка. У цэлым на конкурсе пары і сольныя выканаўцы паказалі каля двух дзясяткаў танцаў. Гэта як дастаткова вядомыя “Лявоніха”, “Полька імправізаваная”, “Лысы”, “Ночка”, так і менш вядомыя гледачам “Субота”, ”Базар”, “Падэспань”, “Какетка”.
Народны фальклорны тэатр \"Цярэшка\" з Глыбокага, адзін з самых вядомых калектываў Віцебшчыны, асаблівай мовай танца майстэрску раскрыў новыя грані ўнікальнага беларускага танца і заслужана ў намінацыі \"Лепшая балетмайстарская пастаноўка на беларускім фальклорным матэрыяле\" заняў 1-е месца.
Уладальнікамі Гран-пры сталі прадстаўнікі творчых калектываў Лёзненскага раёна. Пераможцамі (лаўрэатамі I ступені) у розных узроставых катэгорыях прызнаны пары з Віцебска, Віцебскага і Гарадоцкага раёнаў.
- Цікавасць да беларускага танца расце, і пра гэта сведчыць такая вялікая колькасць удзельнікаў, - сказаў пры падвядзенні вынікаў выкладчык харэаграфічных дысцыплін Віцебскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў Ігар Гарбуноў. - Шмат у гэтым годзе сабралася прадстаўнікоў з глыбінкі вобласці, таксама шмат было пар з абласнога цэнтра. Гэта таксама радуе, бо ў гарадскіх умовах ёсць рызыка страціць танец. Але мы бачым адваротнае: цікавасць да яго расце, і гараджане таксама знаходзяць радасць і задавальненне ад танцаў і вечарынак. Гэта не дзіўна, бо традыцыйны танец станоўча ўплывае і на стан здароўя, і на настрой людзей.
Алена Усцінава, прэс-служба ФПБ па Віцебскай вобласці.