У Расонах адкрыта інфекцыйнае аддзяленне цэнтральнай раённай бальніцы
Інфекцыйнае аддзяленне Расонскай цэнтральнай раённай бальніцы ўведзена ў эксплуатацыю сёння пасля капітальнага рамонту і мадэрнізацыі.
Аб'ект быў народнай будоўляй, якая ўзнікла ў падтрымку планаў кіраўніцтва вобласці па мадэрнізацыі бальніцы. У мерапрыемстве з нагоды адкрыцця аддзялення прынялі ўдзел старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шарстнёў, старшыня Расонскага райвыканкама Аляксандр Шубскі, начальнік упраўлення аховы здароўя Віцебскага аблвыканкама Юрый Дзеркач.
Сёлета ў бальніцы вялася мадэрнізацыя галоўнага корпуса - на гэтыя мэты ў бюджэце закладзена каля Br200 млн. Але па ініцыятыве старшыні Расонскага райвыканкама ўдалося завяршыць рэканструкцыю яшчэ і інфекцыйнага аддзялення. Кіраўнік раёна прапанаваў накіраваць на капітальны рамонт сродкі, заробленыя на раённым суботніку. Працоўныя калектывы сабралі каля Br200 млн - за гэтыя грошы набыты неабходныя матэрыялы, мэбля і інш. Работнікі ЖКГ, Расонскай ПМК-63, Расонскага ПМС, Расонскага лясгаса і іншых бязвыплатна выконвалі рамонтныя работы, прадстаўнікі працоўных калектываў арганізацый райцэнтра прымалі актыўны ўдзел і ў добраўпарадкаванні прылеглай тэрыторыі.
З улікам праяўленай раёнам ініцыятывы на працяг работ па мадэрнізацыі галоўнага корпуса і капітальны рамонт інфекцыйнага аддзялення ЦРБ дадаткова з абласнога бюджэту было выдзелена Br500 млн. Рэканструкцыя ўстановы аховы здароўя была пачата ў 2010 годзе.
За гэты час адрамантаваны дзіцячае і хірургічнае аддзяленні, рэанімацыя. Бальніца аснашчана новым абсталяваннем. З адкрыццём абноўленага інфекцыйнага аддзялення ЦРБ можа аказваць увесь спектр якаснай медыцынскай дапамогі першаснага ўзроўню. Акрамя мадэрнізаванага аддзялення сёння ўведзена ў строй і капліца на тэрыторыі бальніцы, рамонтныя работы і мадэрнізацыя бальніцы працягваюцца. У склад установы аховы здароўя "Расонская цэнтральная раённая бальніца" ўваходзяць: цэнтральная бальніца на 84 ложкі, раённая паліклініка (пры ёй працуе дзённы стацыянар на 25 ложкаў), Клясціцкая і Краснапольская ўрачэбныя амбулаторыі, Заборская бальніца сястрынскага догляду на 10 ложкаў і 9 ФАПаў. У Расонскім раёне (самым маленькім у Віцебскай вобласці па колькасці насельніцтва - каля 9 тыс. 800 чал) працуе каля 30 урачоў, 114 медработнікаў сярэдняга звяна.
Алена Ціханава, БЕЛТА.