У Расонскім раёне краязнаўцы і мясцовыя жыхары аднавілі помнік героям вайны 1812 года

У Расонскім раёне краязнаўцы і мясцовыя жыхары аднавілі помнік героям вайны 1812 года, паведаміў полацкі краязнаўца Андрэй Бухавецкі.

На пачатку чэрвеня ў аграгарадку Клясціцы Расонскага раёна недалёка ад ракі Нішча краязнаўцы з Полацка Андрэй і Аляксей Бухавецкія выявілі невялікі стары абеліск-помнік героям вайны 1812 года. "У адным з расійскіх часопісаў у артыкуле Аляксандра Лунякова "Бітвы пры Клясціцах" было напісана: "Клясціцкія старажылы ўспамінаюць, што на месцы згарэлага ў 1812 годзе моста праз раку Нішчу да гэтага часу ў вадзе засталіся толькі драўляныя палі моста. На абодвух берагах ракі стаялі невялікія абеліскі з нейкімі надпісамі". У савецкі час помнікі знеслі, і толькі 7 чэрвеня 2018 года адзін з абеліскаў быў знойдзены ў густых зарасніках недалёка ад ракі. Помнік быў разабраны, каменныя часткі яго праляжалі дзесяцігоддзі - так сведчаць старажылы вёскі", - адзначае краязнаўца.

Аб знаходцы браты паведамілі старшыні Клясціцкага сельскага Савета Мікалаю Хоменку. Разам яны вырашылі аднавіць гістарычную справядлівасць. Бухавецкія адрэстаўравалі помнік, паставіўшы яго каля ракі, дзе некалі ён і знаходзіўся з 1912 года (у той год адзначалася 100-годдзе перамогі ў вайне). На выкананне работ спатрэбілася крыху больш за тыдзень. Яны былі праведзены за ўласныя сродкі братоў пры актыўным удзеле мясцовых жыхароў. На помніку ўсталявалі шыльду з надпісам: "Грэнадзёрам, якія змагаліся 19 ліпеня 1812 года пры Клясціцах".

Як адзначыў Андрэй Бухавецкі, у 1812 годзе пад Клясціцамі ў трохдзённай бітве рускія войскі пад камандаваннем генерал-лейтэнанта Пятра Вітгенштэйна атрымалі перамогу над перавышаючымі французскімі сіламі маршала Удзіно. Тады свой гераічны подзвіг і здзейснілі грэнадзёры 2-га батальёна грэнадэрскага Паўлаўскага палка, кінуўшыся на палаючы мост праз раку Нішчу і першымі ўвайшоўшы ў вёску Клясціцы. Гэтым яны спынілі прасоўванне ворага на сталіцу Расійскай імперыі. Маршал Удзіно вымушана адступіў за Заходнюю Дзвіну. Наступленне французаў на Санкт-Пецярбург правалілася.

БЕЛТА.