У Расонскім раёне адкрылі абноўлены помнік жыхарам вёскі Велье, спаленай нямецка-фашысцкімі захопнікамі

В Россонском районе открыли обновленный памятник жителям деревни Велье, сожженной немецко-фашистскими захватчиками
На Расоншчыне ёсць асабліва святыя мясціны, яны нагадваюць нашчадкам пра страшную цану, якую заплацілі нашы продкі за свабоду і незалежнасць роднай Беларусі. Адна з іх – узгорак ля дарогі з райцэнтра ў Клясціцы. Яго насыпалі ў памяць пра мірных жыхароў вёскі Велье, якіх зажыва спалілі нямецка-фашысцкія захопнікі ў лютым 1943 года. На вяршыні брацкай магілы ўсталяваны помнік, а ля падножжа на гранітных плітах выгравіраваны 74 імёны і прозвішчы дзяцей, маці, старых.

Мемарыял узведзены ў 1965 годзе, сёлета праведзена яго рэканструкцыя. На адкрыццё абноўленага помніка прыйшлі многія жыхары Расонаў і бліжэйшых населеных пунктаў, прадстаўнікі раённай улады і грамадскіх аб'яднанняў, школьнікі.

– Гэта радасная падзея і адначасова журботная. З болем у сэрцы мы гаворым пра мірных людзей, якія загінулі толькі за тое, што любілі свой край. Важна захаваць памяць, перадаць яе наступным пакаленням, каб больш ніколі не паўтарылася тое, што перажылі нашы родныя. Няма ніводнай сям'і, якую б не закранула вайна, – сказаў на мітынгу старшыня абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Церанцьеў.

Мемарыял складаецца з дзвюх частак. Ад памятнага ўзгорка дарога ідзе праз поле да лесу, дзе стаяў хлеў, куды сагналі ўсіх жыхароў вёскі Велье і падпалілі адначасова з дваццаццю дамамі. На металічнай канструкцыі ў выглядзе абгарэлай бэлькі ўсталяваны званок, які б'е па бязвінных забітых.

У Расонскім раёне няма ніводнага сельскага савета, населеныя пункты якога ўцалелі б ад агню акупантаў. У выніку правядзення карных аперацый было знішчана каля двух тысяч мірных жыхароў, спалена 199 вёсак, больш за сто так і не адноўлена. Яны, у тым ліку і Велье, ушанаваны на мемарыяльным комплексе «Хатынь».

Мемарыял рэканструявалі ўсім мірам. Пасільны ўклад унеслі жыллёва-камунальная і дарожная службы, лясгас, філіял «Клясціцы-Агра». Выкарыстаны і сродкі, заробленыя жыхарамі раёна на суботніках.

Да падножжа помніка ўсклалі кветкі, настаяцель храма Ушэсця Гасподняга ў Расонах протаіерэй Аляксандр Гардзевіч адслужыў заупакойную ліцію.

"Віцебскія весці".