У Расонскім раёне прадпрымальнікі з Прыбалтыкі падымаюць вытворчасць па перапрацоўцы лесу
Цяжка паверыць, што на тэрыторыі, дзе сёння кіпіць праца, ідзе ўстаноўка абсталявання і адгрузка прадукцыі, яшчэ паўгода таму панавала запусценне. Калі ТАА «ЛМФ Плюс» у жніўні 2015-га выкупіла ў Клясціцах за 1,2 млрд рублёў участак для вытворчай базы, пачаць давялося з элементарнага навядзення парадку. Спачатку выкасілі пустазелле вакол напаўразбураных будынкаў, потым узяліся за аднаўленне пабудоў, дзе ў перспектыве павінны былі размясціцца дрэваапрацоўчыя цэхі і адміністрацыя.
У першую чаргу дырэктар прадпрыемства Паварс Мартынш уклаў сродкі ў вытворчасць.
На дадзены момант на рэканструкцыю збудаванняў зрасходавана каля 1,9 млрд рублёў. Акрамя таго, было набыта сучаснае абсталяванне на 155 тыс. еўра: лініі па выпуску акаранёнай і ацыліндраванай драўніны, стужачныя піларамы. Каб тэхніка не гразла ў брудзе, забетанавалі пад'язныя пляцоўкі. Увогуле, за справу ўзяліся сур'ёзна. І вынік не прымусіў сябе доўга чакаць: першы цэх у тэставым рэжыме запусцілі ўжо ў снежні, растлумачыў начальнік вытворчасці Вадзім Дабрынеўскі. А да сярэдзіны студзеня 2016-га ТАА «ЛМФ Плюс» адгрузіла першую прадукцыю: 120 куб. м акаранёнай драўніны, 20 куб. м ацыліндраванай, тры машыны шчэпу.
На прыватным прадпрыемстве працуюць 23 чалавекі. Але зусім хутка іх колькасць вырасце амаль удвая — гэта адбудзецца, калі пачне функцыянаваць другі цэх, дзе збіраюцца выпускаць піламатэрыялы з тоўстага лесу. Цяпер вядзецца мантаж абсталявання, усталёўваецца кран-балка, дзякуючы чаму будуць цалкам аўтаматызаваны пад'ёмна-пагрузачныя работы. А літаральна да канца месяца там плануюць атрымаць першую прадукцыю. Дарэчы, апрацоўваць стануць не толькі прыдзвінскі іглічны лес. З Сібіры ўжо паступіла партыя морана з шчыльнай, але вельмі прыгожай тэкстурай драўніны. Забяспечаныя жыхары краін Балтыі гатовыя заказваць і такія элітныя піламатэрыялы.
І ўсё ж асноўная частка сыравіны паступае з тэрыторыі Віцебшчыны. Яе нарыхтоўкай займаецца фірма «Транспрамлестех», якой кіруе таксама замежнік — Бабрыс Гінц. Размяшчаецца яна на той жа вытворчай базе ў Клясціцах. Раней значную колькасць нарыхтаванага прадавалі за мяжу, але з
1 студзеня ў Беларусі ўступіў у сілу забарону на экспарт дзелавога лесу. Таму цяпер аб'ёмы нарыхтоўкі істотна зменшацца. Яны ў асноўным будуць залежаць ад таго, колькі сыравіны спатрэбіцца для ТАА «ЛМФ Плюс».
Дарэчы, вытворчы цыкл дадзенага прадпрыемства арганізаваны максімальна эфектыўна. Яго асаблівасць у тым, што тут, па сутнасці, не застаецца адходаў. Усё ідзе ў справу, абсталяванне першапачаткова ўсталёўвалася з такім разлікам, каб затым рэалізаваць 100% перапрацаванага дрэва. Нават шчэпу экспартуюць у Прыбалтыку, дзе на яе таксама ёсць попыт.
Плануецца, што калі два цэхі стануць функцыянаваць у поўную сілу, на вытворчай базе ТАА «ЛМФ Плюс» змогуць перапрацоўваць 2 100 куб. м драўніны ў месяц: 800 — тонкага лесу і 1300 — тоўстага. Гэта значыць штомесяц будзе адгружацца прадукцыі прыкладна на 120 тыс. еўра. А ў перспектыве ў Клясціцах збіраюцца пабудаваць і трэці цэх — па пілаванні мелкатаварнай драўніны.
Нягледзячы на тое, што ўладальнікам прадпрыемства з'яўляецца грамадзянін іншай дзяржавы, асноўную частку калектыву складаюць мясцовыя жыхары. Замежных спецыялістаў у «ЛМФ Плюс» толькі адсоткаў дзесяць. Сярэдняя заработная плата, са слоў намесніка дырэктара Івана Казлова, сёння перавышае 6 млн рублёў, што вельмі нядрэнна для аграгарадка. Таму недахопу працоўных рук тут не адчуваюць.
Лілія ІЎЧАНКА. Віцебскія весці. Фота аўтара і з архіва прадпрыемства.