У Расонскім раёне будуецца першая ў Беларусі экалагічная сцежка для людзей з абмежаванымі магчымасцямі
Рэалізуе гэты праект дзяржаўная прыродаахоўная ўстанова «Эка-Росы». На пачатковым этапе фінансавую дапамогу аказаў Еўрасаюз, які выдзеліў 39 тыс. еўра, цяпер работы працягваюцца за ўласныя сродкі.
Экалагічная сцежка для людзей з абмежаванымі магчымасцямі з'явіцца на тэрыторыі рэспубліканскага ландшафтнага заказніка «Сіньша», а менавіта ў раёне маляўнічага возера Валабо. Тут ужо завяршаецца ўзвядзенне драўлянага насцілу, па якім можна на калясках бесперашкодна дабрацца да воднай роўнядзі. На чарзе будаўніцтва дзвюх прычалаў, з іх лёгка будзе перабрацца на плавучы понтон. Гэта дазволіць атрымаць асалоду ад прагулак па возеры.
– Мы плануем уздоўж насцілу высадзіць расліны, занесеныя ў Чырвоную кнігу, якія растуць у заказніку. На жаль, людзі на калясках не могуць трапіць у глыб лесу, дзякуючы ж стварэнню экалагічнай сцежкі яны ўбачаць рэдкія экзэмпляры, такія, як баранец звычайны, жывучка пірамідальная, мякотніца адналістая, вадзяны арэх. Хоць гэта і не такі вялікі ўчастак, але ён дазваляе азнаёміцца з відавой разнастайнасцю дзікай прыроды поўначы Беларусі. Лясная экскурсія сумяшчаецца з адпачынкам на возеры. Водны маршрут па возеры складзе каля 1,5 км, – тлумачыць дырэктар ДПУ «Эка-Росы» Аляксандр Мацулевіч.
Праект уключае і добраўпарадкаванне гасцініцы ў вёсцы Забор'е. Тут таксама ўсё прадугледжана для пражывання інвалідаў, закуплена неабходнае абсталяванне. Цяпер на аб'екце працуюць валанцёры з розных гарадоў Беларусі. Плануецца, што ўжо да навагодніх святаў гасцініца зможа прыняць першых гасцей.
Нямала важна і тое, што экалагічную сцежку інспектуюць тыя, для каго яна ствараецца. Так, драўляны насціл ужо ацанілі людзі на калясках з Літвы і Беларусі і зрабілі свае заўвагі.
– Усе адзначаюць, што ідэя добрая, і ахвотных сюды прыехаць будзе нямала. Цяпер мы думаем над тым, каб стварыць спецыяльны фонд, які дазволіць інвалідам адпачываць у нас бясплатна. Спрабуем і самі зарабіць. Як аказалася, грошы можна здабываць са смецця, якое пакідаюць турысты. З мінулага года сталі гэтым займацца, сабралі і здалі больш за тону шкляных і пластыкавых бутэлек, – распавядае Аляксандр Мацулевіч.
Ідэй у яго шмат. Можна ладзіць 3-дзённыя экскурсіі на міні-пароме, тутэйшыя мясціны дзіўныя, сама прырода лечыць цела і душу чалавека. У будучыні бераг возера будзе падзелены на функцыянальныя зоны, дзе вызначаць месцы для стаянак, паставяць навесы, сталы. Сёння за адпачынак на тэрыторыі заказніка бяруць грошы, якія дазваляюць ахоўваць тэрыторыю і ствараць умовы для турыстаў.
Вялікая ўвага надаецца распрацоўцы «зялёных маршрутаў», стварэнню інфраструктуры для людзей з абмежаванымі магчымасцямі. У свой час заходнія партнёры правялі на Расоншчыне некалькі семінараў, былі выдадзены інфармацыйныя матэрыялы, выбраны аб'екты, якія адаптуюцца для інвалідаў-калясачнікаў.
– Галоўнае нават не пабудаваць, а зрабіць так, каб створаная інфраструктура была запатрабавана. Мы падтрымліваем кантакты з таварыствамі інвалідаў і адчуваем іх зацікаўленасць і падтрымку. Знаходзяцца і заможныя людзі, гатовыя матэрыяльна дапамагчы. Гэта натхняе! Думаю, летам запросім першых турыстаў на калясках на адкрыццё экалагічнай сцежкі ў запаведных мясцінах Расоншчыны, – кажа Аляксандр Мацулевіч.
Таццяна Пастэрнак, «Віцебскія весці». Фота аўтара.