У зборнік «Інвестыцыйныя праекты ў Беларусі» ўвайшлі 7 аб'ектаў Віцебскай вобласці

Нацыянальнае агенцтва інвестыцый і прыватызацыі выпусціла зборнік «Інвестыцыйныя праекты ў Беларусі», у якім аб'яднала найбольш цікавыя прапановы для рэалізацыі замежнаму і беларускаму бізнесу. У яго ўключаны 7 аб'ектаў інвесціравання, размешчаных на Віцебшчыне, з агульным аб'ёмам заяўленых інвестыцый амаль 840 млн долараў.

Сярод іх праект па будаўніцтве буйных жывёлагадоўчых ферм на 3000 – 5000 галоў скаціны ў шэрагу раёнаў, які прадугледжвае таксама развіццё кармавых зон, арганізацыю вытворчасці мяса-малочнай прадукцыі або перапрацоўку сыравіны на давальнiцкiх умовах на прадпрыемствах вобласці.

Патэнцыйным інвестарам прапануецца прыняць удзел у стварэнні ангарнага комплексу бізнес-авіяцыі з забеспячэннем магчымасці не толькі захоўвання, але і аператыўнага тэхнічнага абслугоўвання паветраных суднаў у аэрапорце «Віцебск».

Някалькі праектаў ініцыяваны прамысловымі прадпрыемствамі. Так, ААТ «ВЗЭП» прапануе партнёрства па праекце стварэння высокапрадукцыйнай вытворчасці электравымяральных прыбораў, якія адпавядаюць стандартам ЕС.

Аршанскі інструментальны завод гатовы адкрыць сумесную вытворчасць для распрацоўкі і арганізацыі вытворчасці сучаснага рэжучага інструмента.

ААТ «БелВітуніфарм» шукае партнёраў для стварэння прадпрыемства па выпуску медыцынскіх прэпаратаў па поўным цыкле на падрыхтаванай пляцоўцы ў абласным цэнтры.

Завод «Палімір» ААТ «Нафтан» разгледзіць прапановы па супрацоўніцтве па будаўніцтве дадатковых магутнасцей вытворчасці этылену і прапілену.  

Сяргей Антонаў, «Віцебскія весці». Фота з адкрытых крыніц.