У Сенненскім раёне фермеры выкупілі былыя аб'екты сацсферы пад развіццё авечкагадоўлі

Сялянска-фермерская гаспадарка "Сельскі двор" сёння выкупіла два невыкарыстоўваных будынкі сацсферы ў Сенненскім раёне для развіцця авечкагадоўлі на першым выніковым аўкцыёне ў 2020 годзе, арганізаваным камітэтам "Віцебскаблмаёмасць".

На таргі выстаўляліся будынкі сельскага клуба і бібліятэкі агульнай плошчай больш за 333 кв.м, размешчаныя ў вёсцы Расна. Абодва аб'екты прадаваліся ўпершыню і адразу з устанаўленнем пачатковай цаны ў адну базавую велічыню (Br27). Будынкі прыцягнулі ўвагу адзінага пакупніка, які пагадзіўся набыць нерухомасць па пачатковай цане, павялічанай на 5%, або сумарна за Br56,7.

Па словах прадстаўніка сялянска-фермерскай гаспадаркі, збудаванні плануецца адрамантаваць і выкарыстоўваць для захоўвання сена і іншых кармоў для авечак, развядзеннем якіх сенненскія фермеры займаюцца другі год. Цяпер гурт налічвае 11 авечкаматак. Нядаўна набылі пародзістага барану. Паралельна гаспадарка нарошчвае матэрыяльна-тэхнічнае аснашчэнне, паступова набывае тэхніку і механізмы, у тым ліку пашырае вытворчую пляцоўку. Найбліжэйшая мэта фермераў - давесці колькасць пагалоўя авечкаматак да 100 асобін.

Па дадзеных камітэта "Віцебскаблмаёмасць", у студзені-лютым на аўкцыёны выстаўлена каля 50 невыкарыстоўваных аб'ектаў. У 2019 годзе на аўкцыёнах камітэта дзяржаўнай маёмасці Віцебскага аблвыканкама прададзена 106 аб'ектаў нерухомасці на агульную суму амаль Br4,3 млн.

БЕЛТА.