У Сенненскім раёне пад коламі аўтамабіля загінуў веласіпедыст
31 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Сенненскім раёне Віцебскай вобласці пад коламі аўтамабіля загінуў веласіпедыст, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ва УДАІ МУС Беларусі.
ДТЗ адбылося 30 сакавіка ў цёмны час сутак пабліз вёскі Рыбнае. Аўтамашына "КІА" наехала на веласіпедыста - мясцовага жыхара 1965 года нараджэння. У выніку ён загінуў. Пры гэтым веласіпедыст рухаўся па сустрэчнай паласе. Больш падрабязныя абставіны высвятляюцца.
У ДАІ нагадваюць, што на кожным веласіпедзе павінны быць устаноўлены катафоты (наперадзе - белы, ззаду - чырвоны, па баках - аранжавыя), а ад перамяшчэння на гэтым відзе транспарту ў цёмны час сутак лепш наогул устрымацца. Калі ж веласіпедыст вымушаны выехаць на дарогу позна ўвечары, наперадзе на яго двухколавым транспарце павінен гарэць белы ліхтар, а ззаду - чырвоны.
Акрамя таго, у Дзяржаўтаінспекцыі паведамілі, што ў той жа дзень позна ўвечары пабліз вёскі Полна Магілёўскага раёна аўтамашына "Фальксваген Гольф" наехала на пенсіянера 1949 года нараджэння, які загінуў на месцы. З незразумелай прычыны пешаход стаяў прама пасярэдзіне праезнай часткі, не пазначыўшы сябе святлоадбіўнымі элементамі.-0-