У Сянненскім раёне ў Год якасці праверылі хатняе вучэбнае месца ўсіх школьнікаў
22 лютага, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. У Сенненскім раёне ўпершыню праходзіць акцыя "Рабочае месца вучня", паведаміў карэспандэнту БЕЛТА начальнік аддзела ідэалагічнай работы Сенненскага райвыканкама Сяргей Мяцеліца.
Спецыяльна створаныя камісіі, у склад якіх увайшлі педагогі, спецыялісты сельскіх выканкамаў, актывісты грамадскіх арганізацый, прафсаюзаў і працоўных калектываў, абследавалі хатні вучэбны куток усіх школьнікаў раёна з 1-га па 11-ы класы. Члены камісій наведалі каля 2,8 тыс. навучэнцаў і асабіста праверылі, як бацькі абсталявалі сваім дзецям вучэбнае месца. Так, напрыклад, было ўстаноўлена, што 921 дзіця мае ў сваім распараджэнні асобны пакой, 1,8 тыс. дзяцей - абсталяванае месца для падрыхтоўкі хатніх заданняў. У той жа час у 236 навучэнцаў няма настольных лямпаў, у 45 - асобных пісьмовых сталоў, у 9 школьнікаў - кніжных паліц.
У ходзе другога этапу акцыі мясцовыя чыноўнікі звярнуліся да кіраўнікоў арганізацый, СПК, ЖКГ, сельскіх выканкамаў і школ з мэтай дапамагчы палепшыць вучэбнае месца дзяцей, якія ў гэтым маюць патрэбу і чые бацькі не ў стане вырашыць праблему ўласнымі сіламі з-за недахопу фінансавых сродкаў. "Многія ўжо адгукнуліся на гэты заклік. Так, на ўроках працы ў шэрагу школ педагогі сумесна з вучнямі ўжо працуюць над вырабам тых жа школьных паліц і этажэрак", - адзначыў суразмоўца. Акрамя таго, некаторыя бацькі прыслухаліся да парад членаў камісій і набылі сваім дзецям настольныя лямпы і іншыя неабходныя прадметы мэблі.
Акцыя прымеркавана да Года якасці. "Бо якасным павінен быць не толькі працэс навучання і вучэбнае месца ў школе, але і дома, дзе над выкананнем хатняга задання вучні штодня праводзяць па некалькі гадзін", - падкрэсліў Сяргей Мяцеліца. Ён таксама дадаў, што ў красавіку-маі будзе арганізавана дадатковае абследаванне тых сем'яў, у якіх вучэбнае месца знаходзілася ў незадаволеным стане. У далейшым акцыю плануецца праводзіць штогод.
Арганізатарам акцыі выступае Сенненскі райвыканкам.-0-