У Сянне адкрылі новы адміністрацыйны будынак Белдзяржстраху

В Сенно открыли новое административное здание Белгосстраха

Ва ўрачыстасці прынялі ўдзел генеральны дырэктар Белдзяржстраху Сяргей Якубіцкі, дырэктар філіяла Белдзяржстраху па Віцебскай вобласці Мікалай Баран, старшыня Сенненскага раённага выканаўчага камітэта Васіль Чараднік.

Новы будынак Белдзяржстраху — прыгожы, яркі, камфортны, відаць, стане не толькі ўпрыгожаннем горада, але і своеасаблівым сімвалам пачатку яго добраўпарадкавання ў рамках правядзення абласнога фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі «Дажынкі-2016». Пра гэта на адкрыцці гаварыў старшыня райвыканкама Васіль Чараднік. Васіль Анатольевіч павіншаваў калектыў з наваселлем і пажадаў поспехаў у працы.

Дзякуючы падтрымцы райвыканкама, кіраўніцтва рэспубліканскай страхавой арганізацыі напярэдадні прафесійнага свята для работнікаў Сенненскага прадстаўніцтва Белдзяржстраху адкрыццё новага будынка стала сапраўдным падарункам. У сваім прывітальным слове Сяргей Якубіцкі звярнуў увагу на тое, што будаўніцтва новага будынка даўно было неабходна раённаму прадстаўніцтву, да гэтага яно размяшчалася ў арэндных памяшканнях. Ён выказаў надзею, што ў новых светлых кабінетах з сучасным абсталяваннем будзе прыемна знаходзіцца не толькі работнікам і страхавальнікам.

Дырэктар філіяла Белдзяржстраху па Віцебскай вобласці Мікалай Баран падзякаваў за аператыўную і якасную працу сталічных будаўнікоў ТАА «Эпсілон-Буд», якія практычна менш чым за год узвялі такі выдатны будынак, а ўпраўленне капітальнага будаўніцтва Сенненскага раёна — за пісьменны нагляд за працэсам. Сімвалічны ключ ад новага будынка дырэктару прадстаўніцтва Алене Кошалевай уручыла начальнік Сенненскага УКС Святлана Шыпіла.

Вольга Мысліцкая. «Віцьбічы».