У Сянне пасля капітальнага рамонту адкрылася паліклініка цэнтральнай раённай бальніцы

Неабходнасць абнаўлення ўстановы назрела ўжо даўно. Бо, па словах галоўнага ўрача Ігара Мізаўцова, будынак вельмі паважанага ўзросту: уведзены ў строй яшчэ ў 1974 годзе, таму паліклініка і стала адным з аб'ектаў рэканструкцыі ў раённым цэнтры. Рамонт пачаўся ў мінулым чэрвені. Вядома, медыкам у гэты час давялося працаваць у стрыманых умовах, каб працягваць бесперапынна аказваць дапамогу насельніцтву. Даводзілася калегам з розных аддзяленняў дзяліцца тэрыторыяй. Адміністрацыя наогул знайшла прытулак у пральні.

Тым не менш прэтэнзій да падрадчыка – Круглянскай ПМК – няма ніякіх. Наадварот, прызнаецца Ігар Міхайлавіч, такой высокай якасці будаўнічых работ не памятае. У гэтым журналісты таксама пераканаліся падчас невялікай экскурсіі па медыцынскім аб'екце.

Рамонт паліклінікі, падчас якога будаўнікі памянялі ўсю сантэхніку, электрыку, ацяпляльную сістэму, абышоўся амаль у 1,3 млн рублёў. Сродкі паступалі ў асноўным з абласнога бюджэту, аднак свой уклад унёс і раён.

У многіх кабінетах з'явілася новае абсталяванне, на якое было выдзелена больш за 50 тыс. рублёў у рамках Дзяржаўнай праграмы “Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека Рэспублікі Беларусь на 2016-2010 гг.”. Дзякуючы гэтаму істотна палепшылася дыягнастычная база. З буйных набыткаў – новы рэнтгенаўскі апарат “Космас” ад мінскай фірмы “Драйв”, які значна пашырае спектр абследавання, пры гэтым да мінімуму зніжае прамянёвую нагрузку на пацыента. Аддзяленне УГД укамплектавалі сучаснымі сасудзістымі, унутрыполасцевымі і кардыялагічнымі датчыкамі, якія дазваляюць праводзіць дыягностыку больш поўна і якасна. Камфортней стала і афтальмолагам, наведвальнікам кабінета фізіятэрапіі. Стацыянарнае аддзяленне папоўнілі дэфібрылятарам-маніторам, электравакуумнай сістэмай і апаратам штучнай вентыляцыі лёгкіх. Усе кабінеты абсталяваны новай мэбляй і звязаны адзінай лакальнай сеткай.

У такіх умовах хочацца працаваць. Ігар Міхайлавіч з задавальненнем канстатуе той факт, што цяпер проста наплыў маладых спецыялістаў.

Абнаўленне

матэрыяльна-тэхнічнай базы сенненскіх медыкаў на гэтым не заканчваецца. Рамонт поліклінікі – толькі адзін з этапаў у запланаваных мерапрыемствах па мадэрнізацыі ўстановы. У выніку ЦРБ павінна стаць сучасным і высокатэхналагічным цэнтрам медыцынскага абслугоўвання для ўсяго рэгіёну.

Алесь Бынькоў. Фота Антона Сцяпанішчава. «Віцебскія вясці».