У Шаркаўшчыне адкрылі бюст свяшчэннамучаніка Канстанціна Жданава
У канцы красавіка, у дзень памяці свяшчэннамучаніка Канстанціна Жданова, у Шаркаўшчыне адбылося асвячэнне і ўрачыстае адкрыццё яго бюста. Загінуў святар 29 красавіка 1919 года ў горадзе Дзісна за тое, што не адрокся ад веры ў Хрыста.
Боскую літургію ў храме Успення Прасвятой Багародзіцы, пабудаваным на пачатку ХХ стагоддзя стараннямі айца Канстанціна, узначаліў архіепіскап Полацкі і Глыбоцкі Феадосій. За працы і шчырыя малітвы благачынны Шаркаўшчынскай акругі протаіерэй Пётр Бараноўскі быў узнагароджаны паліцай.
Пасля заканчэння набажэнстваў са Свята-Успенскага храма і храма іконы Божай Маці «Усіх смуткуючых Радасць» выйшлі два хрэсныя хады. Пройдучы па вуліцах Шаркаўшчыны, вернікі, сярод якіх былі і жыхары іншых раёнаў, сустрэліся на скрыжаванні дзвюх дарог, ля помніка, дзе быў здзейснены малебен. Архіепіскап Феадосій, старшыня райвыканкама Мікалай Баговіч, адкрылі бюст, зняўшы белае палатно, што прыкрывала аблічча святога ўгодніка.
Як адзначыў уладыка, свяшчэннамучаніка Канстанціна Жданова выхавала наша зямля. Яго жыццё і страшная смерць сведчылі аб непарушнасці веры, яго лагоднасці і пакоры. Па прыкладзе святара варта імкнуцца да таго, каб не толькі ў нашым сэрцы, але і ва ўсім свеце панавалі мір, стварэнне і дабрабыт.
На памяць Мікалай Ірынархавіч перадаў архірэю сувенір з выявай устаноўленага бюста (на фота). Над стварэннем бюста працавалі знакамітыя на Віцебшчыне архітэктар Валерый Рыбакоў, скульптары Іван Казак і Аляксандр Гвоздзікаў.
Дыяна Берніковіч, "Віцебскія весці"