У Шаркаўшчынскім і Лепельскім раёнах новыя старшыні выканкамаў
На пазачарговай сесіі Шаркаўшчынскага раённага Савета дэпутатаў зацверджаны на пасаду новы старшыня райвыканкама Мікалай Баговіч. Прапанаваную аблвыканкамам кандыдатуру дэпутаты падтрымалі аднагалосна.
Старшыня аблвыканкама Аляксандр Косінец уручыў М. Баговічу службовае пасведчанне (на фота) і пажадаў Мікалаю Ірынархавічу, абапіраючыся на ўласныя веды і вопыт, падтрымку дэпутатаў, актыву раёна, забяспечыць дынамічнае сацыяльна-эканамічнае развіццё рэгіёна, павысіць узровень дабрабыту мясцовых жыхароў. Ранейшага кіраўніка раёна Мечыслава Мархата, які стаў дэпутатам парламента, А. Косінец падзякаваў за працу і ўручыў Ганаровую грамату аблвыканкама.
М. Баговіч нарадзіўся ў Шаркаўшчыне. Скончыўшы Беларускі політэхнічны інстытут, працаваў слесарам, механікам аўтатранспартнага прадпрыемства ў Віцебску, быў галоўным інжынерам, дырэктарам Шаркаўшчынскага кансервава-агароднінасушыльнага завода. Апошнія 6 гадоў працаваў намеснікам старшыні райвыканкама. Скончыў Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце па спецыяльнасці «Эканоміка і кіраванне на прадпрыемстве прамысловасці».
У сваім выступленні на сесіі А. Косінец адзначыў не толькі дасягненні ў прамысловасці, сельскай гаспадарцы, сацыяльнай сферы раёна, але і звярнуў увагу на недахопы, праблемныя пытанні, над якімі трэба неадкладна працаваць новаму кіраўніцтву. З 19 прагнозных паказчыкаў выконваюцца толькі 4. Шаркаўшчынскі раён – глыбока датацыйны. Знізіць залежнасць ад вышэйстаячага бюджэту змогуць павышэнне эфектыўнасці вытворчасці, павелічэнне аб'ёмаў прадукцыі, якая вырабляецца, у 2-3 разы, прадукцыйнасці працы – у 1,5-2 разы.
За два бліжэйшыя гады, па словах губернатара, у раёне неабходна стварыць 10 прадпрыемстваў з колькасцю рабочых не менш за 50 чалавек на кожным. Неўзабаве ў сельскагаспадарчым раёне павінна адкрыцца абутковая вытворчасць, атрымае развіццё дрэваапрацоўчая прамысловасць, магчыма, будзе наладжана рыбная гаспадарка, вытворчасць свежазамарожанай прадукцыі, здабыча мінеральнай вады, выраб запатрабаваных тарфяных пелет, будуць рэалізоўвацца іншыя праекты, накіраваныя на выкарыстанневание наяўных прыродных рэсурсаў і кадравага патэнцыялу.
Раён уключаны ў праграму развіцця гарбарна-футравай індустрыі Віцебшчыны. У наступным годзе пачнецца будаўніцтва авечафермы на 5 тысяч галоў і фермы для вырошчвання норак, нутрый, сабаляў, лісіц.
Нараўне са стварэннем новых вытворчасцей будзе весціся будаўніцтва фізкультурна-аздараўленчага комплексу, басейна, лазні, рэканструкцыя Дома культуры, школ і дзіцячых садкоў. Будуць выдзелены грошы на асфальтаванне вуліц. Не менш важна будаўніцтва жылля, у тым ліку ў сельскай мясцовасці. Шаркаўшчына павінна развівацца, адзначыў А. Косінец і дадаў, што можна стварыць шмат вытворчасцей, але калі не будзе працавітасці, належнай дысцыпліны, нічога не атрымаецца. Важна кадравае забеспячэнне, праца з людзьмі: прафілактыка гвалту ў сям'і, лячэнне схільных да злоўжывання алкаголем, найстрожэйшае выкананне тэхнікі бяспекі і г.д.
Размова ішла і пра неабходнасць павышэння заработнай платы. Па яе ўзроўні Шаркаўшчына пакуль займае 19-е месца сярод раёнаў вобласці.
Н. Баговіч у сваім выступленні адзначыў, што на наступны год запланавана будаўніцтва новых збожжасушыльных комплексаў, малочнатаварных ферм з даільнымі заламі. Гэтыя і многія іншыя меры дапамогуць значна павялічыць вытворчасць асноўных відаў прадукцыі і скараціць датацыі з абласнога бюджэту.
Аднагалосна на пазачарговай сесіі Лепельскага райсавета дэпутаты зацвердзілі старшынёй райвыканкама Барыса Ефрэмава, які працаваў да гэтага першым намеснікам кіраўніка раёна.
Падзякаваўшы за працу яго папярэдніка на гэтай пасадзе, цяпер дэпутата Палаты прадстаўнікоў Пятра Шыкшцяніна, А. Косінец абазначыў праблемныя пытанні Лепельшчыны і нацэліў кіраўнікоў, дэпутацкі корпус на больш выніковую працу рэгіёна. Далейшай мадэрнізацыі патрабуе прамысловасць, асаблівую ўвагу варта надаць праблемным прадпрыемствам – рамонтна-механічнаму заводу і «Прамшвеймебелі». Стварэнне новых прадпрыемстваў, заснаваных на выкарыстанні мясцовай сыравіны, актуальна і ў гэтым раёне. Самыя энергічныя меры новаму кіраўніцтву трэба будзе прыняць па рэалізацыі складскіх запасаў прадукцыі. Не менш напружанай павінна быцьпраца аграрыяў: толькі інтэнсіфікацыя сельгасвытворчасці і павышэнне прадукцыйнасці працы забяспечаць той узровень жыцця, якога вартыя нашы людзі. Найбліжэйшая ж задача – 500 даляраў сярэдняга заробку ў эквіваленце да канца бягучага года.
Дзіяна Берніковіч, фота аўтара, «НС»