У школах Віцебскай вобласці 31 жніўня званок прагучыць для 11,3 тыс. першакласнікаў
"З улікам спецыфікі пачатку навучальнага года (1 верасня выпала на нядзелю) прынята рашэнне ўрачыстыя лінейкі ва ўстановах адукацыі правесці 31 жніўня. У панядзелак, 2 верасня, у школах пройдзе першы ўрок на тэму "Як ты сэрцу міла, дарагая Беларусь". Асноўная задача гэтага ўрока - фарміраванне грамадзянскасці і патрыятызму, выхаванне ў падрастаючага пакалення пачуцця гордасці за нашу краіну і яе герояў, развіццё сацыяльнай і творчай актыўнасці", - растлумачылі ва ўпраўленні.
У Віцебскай вобласці за школьныя парты сядуць 108 211 навучэнцаў. Школы прымуць 11 293 першакласніка (на 558 чалавек больш, чым у мінулым годзе). У 10-я класы прыйдуць каля 7 тыс. чалавек.
У новым навучальным годзе ў рэгіёне будуць працаваць 500 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, навучальны і выхаваўчы працэс забяспечаць каля 14 тыс. педагогаў. У бягучым годзе настаўніцкая сям'я вобласці папоўнілася 720 маладымі спецыялістамі - гэта на 100 чалавек больш, чым у мінулым годзе.