У Шуміліна да "Дажынак" з'явяцца скульптуры "Берагіня лесу" і "Танец закаханых"

Шуміліна да абласнога свята працаўнікоў вёскі "Дажынкі" упрыгожаць дзвюма скульптурнымі кампазіцыямі, паведаміў аўтар работ Іван Казак.

Адна скульптура называецца "Берагіня лесу", выраблена па замове Віцебскага дзяржаўнага вытворчага лесагаспадарчага аб'яднання. Кампазіцыя ўяўляе сабой дзяўчыну, побач з якой знаходзяцца воўк, заяц, сава і вавёрка. У валасы дзяўчыны "ўплецены" птушкі і лісце дуба, упрыгожваюць убранне "Берагіні лесу" лісты клёна і кветка папараці. Вышыня работы - 1,65 м. Адкрыюць кампазіцыю 14 верасня ў невялікім лясным масіве - ён знаходзіцца справа пры ўездзе ў Шуміліна з боку Віцебска. У час адкрыцця таксама плануюць закласці памятную алею.

"Танец закаханых" з пастаментам будзе вышынёй каля 3 м. Гэта танцуючая маладая пара, над галовамі якіх парыць два галубы, верхнюю частку кампазіцыі апраўляе вянок з кветак. Усталююць "Танец закаханых" каля Дома культуры, які зараз рэканструююць.

Скульптуры зроблены з кампазітнага матэрыялу, ён вельмі надзейны і моцны. Іван Казак з ім працуе не першы год.

Абласны фестываль-кірмаш працаўнікоў вёскі "Дажынкі-2021" адбудзецца ў Шуміліне 18 верасня. Больш за 80% работ па падрыхтоўцы да свята ўжо выканана, многія аб'екты знаходзяцца на фінальнай стадыі рамонту. Запланавана культурная праграма, арганізатары хочуць зрабіць запамінальнае свята для шумілінцаў і гасцей горада. Сталіца "Дажынак" ляжыць на дарозе паміж Віцебскам і Полацкам, жыхары якіх змогуць правесці выхадны на фестывалі.