У Шуміліна пасля рэканструкцыі адкрылася аптэка
Сапраўдным падарункам для шумілінцаў і жыхароў раёна стала аптэка №40, якая адкрылася на гэтым тыдні пасля рэканструкцыі ў райцэнтры.
Мадэрнізаваны будынак набыў сучасны выгляд і пашырыўся па плошчы. Цяпер тут з'явіліся памяшканне для захоўвання па стандартах, пакой водападрыхтоўкі, санвузел, пакой для персаналу. Якасна змянілася ўнутранае напаўненне. На гэтыя мэты затрачана 4 млрд рублёў, якія выдзеліла Віцебскае ўнітарнае прадпрыемства «Фармацыя». На аб'екце працавалі спецыялісты прадпрыемства «Стройсфера», якія выканалі заданне за 3,5 месяца.У абноўленай аптэцы працуюць 15 чалавек. Для пенсіянераў на беларускія лекі дзейнічае 10-працэнтная зніжка. Кліенты задаволены. Не трэба далёка хадзіць, вялікі выбар прэпаратаў, ды і абслугоўванне на ўзроўні.
Прысутнічаўшы на ўрачыстым адкрыцці аб'екта намеснік старшыні аблвыканкама Уладзімір Церанцьеў адзначыў:
— Прыгожая, зручная, сучасная аптэка прызвана не толькі радаваць вока, але і дапамагаць людзям захоўваць здароўе. І гэта не адзіны аб'ект, які атрымаў новае жыццё. Калі праехаць па раёне, шмат дзе можна ўбачыць адрамантаваныя школы і ФАПы, рэканструяваныя і мадэрнізаваныя МТФ, устаноўленыя і абноўленыя памятныя знакі ў гонар загінуўшых землякоў. Шмат будуецца і ў вобласці. Толькі на гэтым тыдні адкрываюцца дом сямейнага тыпу ў Полацкім раёне, інфекцыйнае аддзяленне ў Расонскай ЦРБ, цэнтр здароўя ў Паставах, тут, у Шуміліне, уводзіцца ў эксплуатацыю 32-кватэрны дом, хутка будзе гатовы ФАК з басейнам. Усё гэта сведчыць аб няспынным развіцці і імкненні да паляпшэння якасці жыцця.
— У аптэку прыходзяць не толькі па лекі, кансультацыі, але і проста пагутарыць. Цяпер наведвальнікам стане значна зручней, ды і персаналу камфортней, — выказала сваё меркаванне генеральны дырэктар УП «Фармацыя» Алена Арлова. — Гэта значыць, што ва ўсіх будзе добры настрой. На бягучым тыдні адкрываюцца аптэкі ў Лепелі і гарпасёлку Руба, вядзецца капітальны рамонт цэнтральнай аптэкі Пастаўскага раёна, падыходзяць да канца будаўнічыя работы ў аналагічнай установе ў Барані. У гэтым годзе рыхтуюцца да адкрыцця 14 новых аптэк 5-й катэгорыі. На Віцебшчыне налічваецца 270 падобных аб'ектаў. Сельскае насельніцтва забяспечваецца лекавымі сродкамі праз 473 кропкі раздробнага продажу. Так што дзяржаўныя стандарты выконваюцца па вобласці больш чым на 150%, па Шуміліна – на 225.
Надзея Фондарэнка, «Віцебскія весці».