У Шумілінскім раёне перапахаваюць астанкі дзевяці чырвонаармейцаў

Перапахаванне астанкаў 9 воінаў Чырвонай арміі, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, адбудзецца ў Шумілінскім раёне 14 жніўня, паведамілі ў мясцовым райвыканкаме.

Астанкі загінулых у 1941 годзе чырвонаармейцаў былі знойдзены падчас палявых пошукавых работ у вёсцы Мікалаева. Там жа знойдзены 4 капсулы-медальёны, што дапамагло высветліць звесткі аб некаторых абаронцах Айчыны. Устаноўлена, што тут загінулі трое ўраджэнцаў Башкірыі (у той час Башкірская АССР) - Алтынгужы Нурмухамет Алтынгужынавіч 1916 года нараджэння, Коп'еў Іван Васільевіч 1916 года нараджэння, Казакоў Ілья Рыгоравіч 1918 года нараджэння. Чацвёрты медальён належаў Анянову Сямёну Мікалаевічу (магчыма, Анянову) 1919 ці 1920 года нараджэння, ураджэнцу Молатаўскай вобласці (цяпер Пермскі край Расіі). Імёны астатніх пяці абаронцаў Айчыны не ўстаноўлены. Чырвонаармейцы будуць перапахаваны на воінскіх могілках каля вёскі Трапіна.

Алена Ціханава, БелТА.