У Смаленскай вобласці перапахавалі астанкі каля 500 байцоў часоў Другой сусветнай вайны. Сярод іх і ўраджэнцы Віцебшчыны

У Ярцаве Смаленскай вобласці (Расія) адбылося перапахаванне астанкаў вайскоўцаў, загінулых у часы Вялікай Айчыннай вайны.


На «Поле памяці» былі пахаваны каля пяцісот салдат і афіцэраў, якія ў 1941 годзе перагарадзілі шлях нямецка-фашысцкім захопнікам на Маскву.

— Страты былі велізарныя, — удакладніў камандзір пошукавага атрада «Безназоўны» Андрэй Серкоў. — Таму штогод мы адпраўляемся на раскопкі, каб аддаць апошнія ўшанаванні прапаўшым без вестак абаронцам Айчыны.

На жаль, асобы большасці знойдзеных воінаў усталяваць не ўдаецца. І ўсё ж часам пошукавікі выяўляюць добра захаваныя медальёны і іменныя рэчы. Гэтым летам з небыцця ўдалося вярнуць звыш двух дзясяткаў прозвішчаў, у тым ліку двух жыхароў Віцебшчыны.

Звесткі пра беларусаў расіяне перадалі ў абласны ваенны камісарыят, і спецыялісты змаглі адшукаць сваякоў аднаго з іх, Васіля Прышчэпава. Акрамя таго, прадстаўнікі ваенкамата і прыдзвінскага падраздзялення «Саюза афіцэраў» арганізавалі паездку для ўнучкі Васіля Паўлавіча на месца перапахавання.

— Я вельмі рада, што змагла прыехаць у Ярцава і правесці дзядулю ў апошні шлях, — расказала Алена Прышчэпава. — Мой бацька не дачакаўся гэтай падзеі, але мы, тры яго дачкі, цяпер ведаем, што наш родзіч загінуў смерцю храбрых і будзем наведваць яго.

Медальёны, дакументы і зямлю з месца знаходжання праху сваякам загінулых перадалі на плошчы Перамогі ў Ярцаве, дзе адбыўся траурны мітынг, а на воінскім мемарыяле прайшло адпяванне і пахаванне астанкаў. Завяршыла мерапрыемства памінальны абед.

Эдуард Каралевіч, «Віцебскія вясці». Фота аўтара.