У сацыяльных установах Віцебскай вобласці ўключылі ацяпленне
2 кастрычніка ва ўсіх сацыяльных установах Віцебскай вобласці ўключылі ацяпленне. Такое рашэнне прыняло абласная рабочая група па аптымізацыі рэжымаў цеплазабеспячэння, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ва ўпраўленні жыллёва-камунальнай гаспадаркі Віцебскага аблвыканкама.
Цяпло пачало паступаць у школы і дашкольныя ўстановы, медыцынскія і ўстановы сацыяльнага забеспячэння, музеі, бібліятэкі і дзяржаўныя архівы рэгіёна. Рашэнне прынята ў адпаведнасці з правіламі ў дачыненні да спажыўцоў цяпла першай групы - сярэднесутачная тэмпература на працягу пяці дзён трымаецца на ўзроўні ніжэй за 10 градусаў.
У жылым сектары ацяпленне ўключаць пры ўсталяванай на працягу пяці дзён сярэднесутачнай тэмпературы ніжэй за 8 градусаў. Магчыма, ужо з панядзелка цяпло пачне паступаць у дамы, калі ў бліжэйшыя дні слупок тэрмометра не пойдзе ўверх. Іншых перашкод для гэтага няма: усе кацельныя і спажыўцы цеплавой энергіі атрымалі пашпарты гатоўнасці.