У структуры МУС у 2009 годзе зарэгістравана 41 карупцыйнае злачынства

29 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У структуры МУС у 2009 годзе зарэгістравана 41 карупцыйнае злачынства. Аб гэтым сёння на нарадзе з аператыўна-начальніцкім складам органаў унутраных спраў заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, перадае карэспандэнт БЕЛТА. "Асаблівае абурэнне выклікае пранікненне ў органы ўнутраных спраў такіх маштабных з'яў, як карупцыя, службовыя злачынствы, здрада інтарэсам службы. У МУС у бягучым годзе зарэгістравана 41 злачынства карупцыйнай накіраванасці, у здзяйсненні якіх прыняў удзел 31 супрацоўнік. У 2008 годзе 65 крымінальных спраў гэтай катэгорыі было ўзбуджана ў дачыненні да 51 супрацоўніка", - сказаў кіраўнік дзяржавы. Найбольш складаная сітуацыя з дысцыплінай асабовага складу захоўваецца ў ГУУС Гродзенскага і Віцебскага аблвыканкамаў, дзе значна павялічылася колькасць парушэнняў. У шэрагу выпадкаў адэкватных мер рэагавання да службовых асоб, якія дапусцілі сур'ёзныя парушэнні, з боку кіраўнікоў не прымалася. "Для МУС характэрная непрадуманасць і непаслядоўнасць пры вырашэнні кадравых пытанняў, што прыводзіць да зніжэння прафесійнага ўзроўню супрацоўнікаў і не дазваляе якасна вырашаць пастаўленыя задачы. Цекучасць кадраў спараджае шмат праблем", - канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. За апошнія 2 гады вырас агульны некамплект асабовага складу, які на 1 чэрвеня 2009 года склаў 9%, у службе па барацьбе з карупцыяй і эканамічнымі злачынствамі - практычна 11%, у падраздзяленнях патрульна-паставой службы - 19%. Высокая цекучасць кадраў таксама негатыўна адбіваецца на дзейнасці ўчастковых. Некамплект апошніх на 1 чэрвеня ў цэлым па рэспубліцы склаў 9%, пры гэтым у Мінскай вобласці - 11%, а ў Мінску - 20%. "Па дадзеных апытання, кожны чацвёрты міліцыянер назваў такое становішча спраў следствам непрымальнага стылю кіраўніцтва з боку непасрэдных начальнікаў, якія ствараюць нервовую абстаноўку ў калектыве", - дадаў Прэзідэнт.-0-