З пачатку года ў студэнцкую службу занятасці Віцебска звярнуліся больш за 120 чалавек
19 красавіка, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Студэнцкая служба занятасці Віцебска стварае банк вакансій для летняга працаўладкавання моладзі, расказалі карэспандэнту БЕЛТА ў Віцебскім гарадскім цэнтры занятасці насельніцтва.
Цяпер фарміруецца база даных часовых працоўных месцаў, адкрытых на летні перыяд. Прадпрыемствы гандлю і грамадскага харчавання гатовы прыняць студэнтаў прадаўцамі, кухоннымі работнікамі, афіцыянтамі на вулічныя аб'екты. Летам студэнтаў будуць чакаць на замежным прадпрыемстве па дрэваапрацоўцы і ў дарожна-будаўнічым трэсце, у будаўнічых арганізацыях. Магчыма, тэрытарыяльныя цэнтры занятасці запросяць маладых людзей для аказання дапамогі па доме самотным пенсіянерам і інвалідам.
На пачатку бягучага года па прапанове студэнтаў, якую яны выказалі на сустрэчы са старшынёй Віцебскага аблвыканкама Аляксандрам Косінцам, у гарадской службе занятасці пачаў працаваць сектар па садзейнічанні занятасці студэнцкай моладзі. Яго супрацоўнікі дапамагаюць знайсці маладым людзям працу ў вольны ад вучобы час. З пачатку года ў сектар звярнуліся па дапамогу ў працаўладкаванні звыш 120 чалавек. Узімку "Гардармост" ахвотна браў студэнтаў на працу - больш за 20 чалавек прыбіралі снег і калолі лёд на вуліцах горада. Швейнае прадпрыемства "Праца" пастаянна зацікаўлена ў дапамозе студэнтаў і нават гатова навучыць іх швейнай справе.
У Віцебску працуюць 4 ВНУ і 1 філіял, 17 сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў, у якіх навучаюцца больш за 15 тыс. студэнтаў і навучэнцаў.-0-