У тэрытарыяльных выбарчых камісіях Віцебскай вобласці жанчын большасць

Этап фарміравання выбарчых камісій падыходзіць да канца. Учора завяршылася вылучэнне прадстаўнікоў у склад акруговых выбаркамаў па выбарах у абласны Савет, на іх утварэнне адводзіцца тры дні. Самыя шматлікія камісіі — участковыя — павінны быць створаны да 6 лютага. А напярэдадні Новага года вызначыўся персанальны склад усіх 224 тэрытарыяльных выбарчых камісій, у якіх будуць працаваць у асноўным жанчыны (іх удзельная вага перавысіла 80%).

Па афіцыйных даных, усяго ў склад уключана 1790 чалавек, або 98,5% ад колькасці прэтэндэнтаў. Найбольшую актыўнасць на гэтым этапе праявілі грамадзяне (шляхам падачы заяў ад іх уключана 805 членаў камісій, або амаль 45%) і грамадскія аб'яднанні (728 членаў, або 40,6%). Удзельная вага прадстаўнікоў працоўных калектываў у тэрытарыяльных выбаркамах перавысіла 14% (257 чалавек).

На сённяшні дзень актыўнасць палітычных партый ледзь заўважная. У агульнай складасці ад іх у склад камісій увайшло 17 чалавек, або каля 1%, у тым ліку 13 членаў Камуністычнай партыі Беларусі. Што тычыцца грамадскіх аб'яднанняў, то больш за ўсё ў склад камісій уключана прадстаўнікоў Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі (359 чалавек, або больш за 20% ад агульнай колькасці), Беларускага грамадскага аб'яднання ветэранаў (101, або 5,6%), Беларускага саюза жанчын (87, або 4,9%), БРСМ (70, або 3,9%), РГА «Белая Русь» (61, або 3,4%).

Нагадаем, што падчас выбараў 23 сакавіка выбаршчыкам Віцебшчыны трэба будзе вызначыць уладальнікаў 3218 дэпутацкіх мандатаў і сфарміраваць абласны, 21 раённы, 5 гарадскіх Саветаў у гарадах абласнога і раённага падпарадкавання, 197 сельскіх і пасялковых Саветаў.

Сяргей Кочетов, "Віцебскія весці"