У Талачыне плануюць выпускаць беларускую бульбу фры

В Толочине планируют выпускать белорусский картофель фри

Каля 40 тысяч тон бульбы новага ўраджаю маюць намер сабраць сёлета на самай вялікай у рэспубліцы плантацыі ў 900 га Талачынскага кансервавага завода.

На сённяшні дзень тут убрана каля 40% плошчаў з ураджайнасцю 420 ц/га. Штодня 80 тон забірае «Еўрагандаль», чакае сваёй чаргі на адгрузку чарада машын з Расіі. Дарэчы, у мінулым годзе ў суседнюю краіну адправілася 21 тысяча тон талачынскай бульбы!

І пакуль Еўропа актыўна скарачае вытворчасць другога хлеба, магчымасці расійскага і беларускага рынкаў растуць. Што цікава, яны не залежаць ад коштаў на нафту, ваганняў курса валюты і г.д. Якасную прадукцыю заўсёды возьмуць і прапануюць за яе добрыя грошы. Адгэтуль і рэнтабельнасць ад рэалізацыі тут высокая – амаль 40%.

Давер беларускага і расійскага спажыўца – вынік выдатнай якасці клубняў. Дырэктар прадпрыемства Анатоль Анюхоўскі перакананы, што трэба выкарыстоўваць насенне толькі суперэліты, каб на выхадзе ніжэй эліты не атрымліваць. А аграномы прадпрыемства дадаюць: без выканання ўсіх тэхналагічных працэсаў бульбаводства немагчыма. Вельмі важна вырошчваць насенны матэрыял у чыстай глебе, як і пакласці клубень у «пуховую перыну», прычым шчыльна: гэта ратуе ад засухі. Дарэчы, тут бульбу не прарошчваюць – занадта вялікія аб'ёмы вытворчасці. Адмыслоўцы Талачынскага кансервавага завода строга прытрымліваюцца правіл севазвароту, каб не дапусціць размнажэння хвароб карняплодаў. Робяць прадугледжаную тэхналогіяй хімапрацоўку, лечаць ад фітафтарозу.

Прычым элітагаспадарка працуе на навуковай аснове, вытрымліваючы ўсе патрабаванні ад схемы пасадак да ўборкі ўраджаю. Цяпер тут працягвае выспяваць лепшая ў прыдзвінскім краі сярэдняспелая і позднеспелая бульба, выгадаваная ў цесным сумесным супрацоўніцтве з Інстытутам бульбаводства НАН Беларусі. А ранняспелая ўжо паспяхова рэалізавана ў гандлёвай сетцы рэспублікі. «У гэтым годзе тэндэнцыі рынку павярнуліся на карысць айчыннага спажыўца, – кажа Анатоль Анюхоўскі. – Калі раней было толькі 3% ад агульнага аб'ёму бульбы, што рэалізуецца, то цяпер значна больш. Прычым па перадаплаце. Жывыя грошы даюць магчымасць мадэрнізавацца, набываць тэхніку, годна аплачваць працу людзей». Цікава, што з цягам часу змяняюцца і смакавыя перавагі расіян і беларусаў. Яшчэ ў мінулым і пазамінулым сезонах усю ўвагу было накіравана на «рэд скарлет» з чырвонай лупінай, а сёння падавай да стала айчынны белы «брыз».

Значную частку ўраджаю кансервавы завод рэалізуе падчас уборкі – плошчы сховішчаў дазваляюць закласці не больш за 24 тысячы тон. Дарэчы, не так даўно ў Талачыне ўведзены ў эксплуатацыю два сучасныя бульбасховішчы па 12 тыс. тон, забяспечаныя еўрапейскімі сістэмамі вентылявання. За аснову ўзяты галандскі тып бульбасховішчаў. На ўстаноўленых там вытворчых лініях вядзецца фасоўка бульбы – ад 2,5 да 25 кг. На найноўшым абсталяванні ажыццяўляюць мыццё клубняў і машынную паліроўку. І хоць вымытая і адпаліраваная амаль да бляску бульба пакуль яшчэ не заваявала масавую папулярнасць, попыт на яе ўсё ж ёсць: летась рэалізавана каля 400 тон.

Так званы неліквід перапрацоўваецца на крухмал у уласным цэху – структурным падраздзяленні завода. Паколькі максімальны прыбытак прыносіць звычайная харчовая бульба, то развіццё і мадэрнізацыю крухмальнага цэха праводзяць настолькі, каб гэтая галіна не стала цяжарам для больш прыбытковай.

А пакуль прагрэсіўныя гаспадарчыя падыходы кіраўніцтва завода да развіцця вытворчых стратэгій працягваюць апраўдваць сябе, чакаецца яшчэ адзін цікавы праект. Рыхтуецца дакументацыя на будаўніцтва новага цэха па выпуску замарожанай, практычна гатовай да ўжывання бульбы фры. Такая вытворчасць стане ўнікальнай для Беларусі і пакуль адзінай на постсавецкай прасторы. Бо не сакрэт, што і наш грамадскі харч, і простыя спажыўцы выкарыстоўваюць замежныя паўфабрыкаты. Па словах Анатоля Анюхоўскага, ужо зараз ёсць зацікаўленасць у гэтай прадукцыі, прычым не толькі з боку Беларусі і Расіі. Таму ўжо ў наступным годзе пачнецца апрабацыя гатункаў бульбы, прыдатных для замарозкі.

Вольга Лебедзева, «Віцебскія весці».