У Талачыне зьявілася першая піцэрыя

В Толочине появилась первая пиццерия

Да фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі «Дажынкі-2015» у Талачыне былі абноўлены многія сацыяльна-культурныя аб'екты, у тым ліку і двухузроўневы комплекс рэстарана «Друць», дзе з'явілася першая ў горадзе піцэрыя на 42 пасадачных месцы.

Цалкам змяніўшы інтэр'ер, ранейшае кафэ хуткага абслугоўвання працягвае захоўваць сваю функцыю, прапаноўваючы комплексныя абеды. Але новая паслуга дазволіла значна пашырыць кліенцкую базу. Па словах вядучага інжынера-тэхнолага «Друці» Раісы Балобінай, за першы месяц працы тавараабарот павялічыўся больш чым у два разы. Калі раней выручка ў сярэднім складала 35-40 млн руб., то за кастрычнік атрымалі амаль 100 млн руб. У асартыменце дзевяць відаў піцы з цалкам дэмакратычнымі цэнамі ад 37 да 66 тыс. руб. (вага 420-500 г), сярод самых запатрабаваных «Апетытная» і «Сытная». Першапачаткова ажыятажны попыт дазваляў рэалізоўваць па сотні штук у дзень, цяпер у сярэднім прадаецца пяцьдзесят, што таксама па мясцовых мерках вельмі нядрэнна. Для прыцягнення кліентаў талачынскія кулінары збіраюцца ўводзіць новыя віды гэтай стравы італьянскай кухні. Зрэшты, наведвальнік можа замовіць піцу і па ўласным рэцэпце. Дастаткова толькі выбраць інгрэдыенты, пазначаныя на спецыяльнай улётцы. Такі спосаб падсілкавацца асабліва папулярны ў навучэнцаў старэйшых класаў.

Таксама сярод прадстаўнікоў маладога пакалення ўжо становіцца традыцыяй адзначаць дні нараджэння і розныя святы ў піцэрыі «Друці». Прыязджаюць сюды і школьнікі з сельскай мясцовасці, каб паспрабаваць звыклы для гарадскіх аднагодкаў прадукт і адпачыць у сваёй кампаніі. Напрыклад, нядаўна кафэ наведалі 18 вучняў Жукнеўскай базавай школы. Акрамя піцы для юных кліентаў прапануецца сем сартоў марожанага, пірожныя, чай, кава.

Сяргей Ляшук. Фота Антона Сцепанішчава. «Віцебскія весці».