У Талачыне з'явяцца 12-метровы вежавы гадзіннік з сімволікай Беларусі
– Кроніруем кусты, падмятаем, фарбуем, бялім, выграбаем і інш., – фронт работ шырокі, – адзначае намеснік старшыні Талачынскага райвыканкама Міхаіл Гаўрычэнка. – Гэта датычыцца не толькі вуліц, двароў, тратуароў, але і могілак, памятных месцаў, паркаў, сквераў. Калі казаць пра дарогі, то з запускам асфальтных заводаў ДРБУ-147 і ДСУ-63 прыступілі да асфальтавання ўчастка дарогі ў 1600 метраў у населеным пункце Славені. У маі плануем заасфальтаваць 1500 метраў па вёсцы Гліннiкi, а таксама прыступіць да адсыпкі пясчана-жвіровай сумессю 2800 метраў у напрамку Круглае – Славені. Запланавана і будаўніцтва двух новых тратуароў па вул. Трактарная і вул. Валадарскага ў Талачыне, а таксама асфальтаванне ўчасткаў дарог па вул. Астроўскага і вул. Камунальная. Асаблівая ўвага – дарогам і тратуарам у пасёлку Коханава.
Нагадаем, што гэты населены пункт – на асаблівым кантролі. Другое жыццё яму даюць у адпаведнасці з праграмай развіцця малых населеных пунктаў. Работы, якія запланаваны на бягучы год, ужо вядуцца.
Пэўныя пераўтварэнні закрануць шэраг аб'ектаў як сацыяльнай сферы, так і жылога сектара. Запланаваны рамонт дзіцячых садкоў, школы, сацыяльна-педагагічнага цэнтра, бальніцы і дзіцячай школы мастацтваў, абновяцца фасады шматкватэрных дамоў, адміністрацыйных будынкаў, гандлёвых аб'ектаў, дваровыя тэрыторыі. Акрамя таго, будуць выкананы мадэрнізацыя сетак водазабеспячэння па вуліцах Заслонава і Смальянскай, рэканструкцыя ліній электраперадач, рамонт вулічнага пакрыцця, добраўпарадкаванне дваровых тэрыторый з устаноўкай дзіцячай гульнявой пляцоўкі і некаторыя іншыя работы. ДРБУ-147 завяршае рэканструкцыю аварыйнага моста праз раку Сакалянка па вуліцы Аршанскай. Усе тры масіўных пралёты збудавання ўкладзены і замацаваны на надзейных апорах. Завяршаецца бетанаванне пешаходных пераходаў, праезнай часткі моста, адпаведных агароджаў, абсталююцца з двух бакоў пад'язныя шляхі.
Маштабныя пераўтварэнні вядуцца і ў самім райцэнтры – горад сёлета адсвяткуе сваё 590-годдзе. Акрамя таго, што яго ўпрыгожаць дадатковыя банэры, з'явяцца дадатковыя малыя архітэктурныя формы, абсалютна новы выгляд атрымае цэнтральны гарадскі парк.
Тут на месцы старой гульнявой пляцоўкі, дэмантаж якой ужо вядзецца, за кошт сродкаў раённых суботнікаў з'явіцца сучасны дзіцячы гарадок. Гэта цэлы комплекс з арэлямі-каруселямі, горкамі, вяровачнымі лесвіцамі, турнікетамі, пясочніцамі, зонай адпачынку і інш. Будуць прадугледжаны ўсе меры бяспекі з відэаназіраннем. Пашырыцца і спартыўная пляцоўка. Акрамя варкаут-зоны тут усталююць вулічныя трэнажоры.
Сапраўдным падарункам пры ўваходзе ў парк для талачынцаў стануць вежавы гадзіннік вышынёй амаль 12 метраў. Яго чатырохбаковая верхняя частка ўжо прыбыла ў Талачын. Флюгер прадугледжаны зменны, а цыферблаты з усіх бакоў будуць з падсветкай. Сама вежа з сімволікай нашай краіны яшчэ ў працэсе вырабу. Новая славутасць будзе ўстаноўлена на месцы памятнага каменя. А валун зойме месца па другі бок уваходнай аркі.
"Віцебскія весці"