У Талачыне праходзіць пасяджэнне калегіі апарату Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей
Звяртаючыся да прысутных, Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцей Аляксандр Румак адзначыў, што пазначаная тэма важная і значная.
– Выкарыстанне культавай спадчыны ў якасці турыстычнага патэнцыялу спрыяе духоўнаму развіццю і яднанню грамадства праз традыцыі, якія склаліся за тысячагоддзі, – падкрэсліў ён. – Наведваючы святыні, людзі далучаюцца да веры, усведамляюць неабходнасць захавання міру і згоды.
Прысутных у зале прывітаў намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама Вячаслаў Дурноў.
– Мы ганарымся спадчынай, якая ёсць на тэрыторыі вобласці, і разумеем, што шмат зроблена і шмат што трэба зрабіць для яе захавання, – адзначыў ён.
З дакладам аб рабоце мясцовых органаў улады Віцебскай вобласці па захаванні і выкарыстанні культавай спадчыны ў якасці турыстычнага патэнцыялу Віцебскай вобласці выступіла начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама Марына Новіцкая.
Па завяршэнні дзелавой часткі пасяджэння госці раёна плануюць наведаць Талачынскі гісторыка-краязнаўчы музей, прыход касцёла Святога Антонія, Свята-Пакроўскі жаночы манастыр.
Член калегіі апарату Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей, памочнік намесніка старшыні аблвыканкама Сяргей Фадоенкаў прэзентаваў першы экзэмпляр кнігі "У пошуках страчанай спадчыны. З гісторыі праваслаўных храмаў Талачынскага раёна" старшыні райвыканкама.
"Віцебскія весці"