У Талачынскім раёне браканьер забіў супрацоўніка Дзяржінспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету

В Толочинском районе браконьер убил сотрудника Госинспекции охраны животного и растительного мира

Следчы камітэт расследуе крымінальную справу аб забойстве супрацоўніка Дзяржаўнай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету.

"Следствам устаноўлена, што раніцай 11 красавіка супрацоўнікі Аршанскай міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, ажыццяўляючы планавы рэйд-маршрут ляснога масіву паблізу вёскі Петрашы Талачынскага раёна Віцебскай вобласці, атрымалі звесткі аб факце браканьерства на тэрыторыі абслугоўванага ўчастка", - распавялі ў СК.

Правяраючы атрыманую інфармацыю, адзін са супрацоўнікаў інспекцыі ў пазначаным месцы выявіў чалавека са зброяй. Ён паспрабаваў наблізіцца да мужчыны, каб праверыць дакументы, аднак той стрэліў у інспектара і збег. Ад атрыманай агнястрэльнай раны супрацоўнік Дзяржінспекцыі сканаў на месцы.

Напарнік загінулага неадкладна паведаміў аб здарэнні ў праваахоўныя органы і апісаў прыкметы стралка, якога аператыўна затрымалі супрацоўнікі міліцыі. Ім аказаўся 55-гадовы жыхар Талачына.

На месцы злачынства працавала перасоўная крыміналістычная лабараторыя. У ходзе агляду прылеглай мясцовасці выяўлена паляўнічая стрэльба, патроны да гладкаствольнай зброі і страляная гільза.

У дачыненні да затрыманага Следчым камітэтам узбуджана крымінальная справа па п. 10 ч. 2 арт. 139 (Забойства асобы ў сувязі з ажыццяўленнем ёю службовай дзейнасці) КК. Пакаранне па гэтым артыкуле прадугледжвае тэрмін пазбаўлення волі да 25 гадоў, пажыццёвае зняволенне або смяротнае пакаранне.

У цяперашні час з падазраваным працуюць следчыя.

Па рашэнні кіраўніцтва Следчага камітэта для арганізацыі далейшага расследавання крымінальная справа перададзена ў Галоўнае следчае ўпраўленне.

Як распавялі ў Дзяржаўнай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету, старэйшаму дзяржаўнаму інспектару Генадзю Раўкову было 44 гады. У яго засталіся дзве дачкі - 22 і 7 гадоў. Нядаўна нарадзілася ўнучка.

Генадзь Раўкоў праходзіў службу ў 103 Віцебскай паветрана-дэсантнай дывізіі, скончыў Акадэмію МУС Рэспублікі Беларусь у 2000 годзе па спецыяльнасці "Правазнаўства". У 2010 годзе быў прызначаны на пасаду дзяржаўнага інспектара Аршанскай міжраённай інспекцыі, а ў ліпені 2014 года стаў старшым дзяржаўным інспектарам гэтай жа інспекцыі.

УСК па Віцебскай вобласці